Гродзенская ДАІ шукае Фальксваген, які збіў дзяўчынку на пераходзе

|

Як паведамілі “Твайму стылю” ў ДАІ, дзесяцігадовая дзяўчынка спяшалася на трэніроўку, аднак усё ж спынілася на светлафоры і дачакалася, пакуль загарыцца зялёнае святло. Пераходзіць дарогу дзяўчынка пачала ў суправаджэнні незнаёмай бабулі, але паспела зрабіць толькі 2 крокі.

Машына ўдарыла дзяўчынку злева. Дзіця ўпала на капот, а пасля звалілася на асфальт.

Кіроўца спыніўся толькі тады, калі наўздагон машыне кінуўся адзін з пешаходаў.

Аднак вінаватым ён сябе зусім не адчуваў: адкрыўшы фортку, кіроўца аблаяў пешаходаў, што кідаюцца пад колы, і … з’ехаў.

Дапамаглі пацярпелай дзяўчынцы мінакі, якія аднеслі яе на прыпынак.

 

Аднак і ім не прыйшло ў галаву выклікаць ДАІ і хуткую дапамогу.

Мінакі пабеглі па сваіх справах, а дзяўчынка – на трэніроўку.

Трэнер адразу ж паведаміў пра здарэнне маці дзяўчынкі, а тая забрала дзіця дамоў, змыла кроў з куртачкі і адвезла дачку ў бальніцу.

У яе моцныя ўшыбы, магчыма чэрапна-мазгавая траўма.

Толькі дактары паведамілі пра ДТЗ у ДАІ, якая распачала росшук вінаватага кіроўцы.

 

З тлумачэнняў дзяўчынкі вядома, што яе збіў Фальксваген магчыма цёмна-шэрага колеру, першыя лічбы нумара верагодна 21.

За рулём знаходзіўся малады хлопец 20-23 гадоў, побач з ім – пасажыр такога ж узросту.

 

За тое, што не прапусціў пешахода на пераходзе, кіроўцы пагражае пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры ад 3 да 30 базавых велічынь альбо пазбаўленне правоў да 2 гадоў; за тое, што пакінуў месца здарэння, ён можа атрымаць яшчэ ад 5 да 25 базавых велічынь штрафа  альбо пазбаўленне правоў да 2 гадоў.

Улічваючы тое, што ахвярай здарэння стала дзіця, і тое, што, паводле заканадаўства, пакаранні сумуюцца, кіроўца рызыкуе атрымаць максімальнае пакаранне.