Беларускі пенсіянер – юнак у параўнанні з гішпанскім

|

Вынікі сусветнага фінансавага крызісу вымушаюць шматлікія еўрапейскія краіны павялічваць узрост выхаду грамадзян на пенсію.


«Пад націскам крызісу, росту дэфіцыту бюджэту і беспрацоўя, пенсійная рэформа вярнулася на першыя месцы ў праграмы работы кіраўнікоў еўрапейскіх краін», – піша французская газета «Фігаро».

 

Увогуле, Гішпанія ў студзені абвясціла аб намеры павялічыць узрост выхаду на пенсію з 65 да 67 гадоў, аднак больш за 80% гішпанцаў выступаюць супраць гэтага праекту. У Грэцыі, якая моцна пакутуе ад крызісу, маюць намер павялічыць сярэдні ўзрост выхаду на пенсію на два гады – да 63 гадоў. Гэтую рэформу плануецца правесці да 2015 году, адзначае «Фігаро».

 

Падобны праект разглядаецца ў Нідэрландах: сярэдні ўзрост выхаду на пенсію прапанавана павялічыць з 65 да 66 гадоў да 2020 году і да 67 гадоў да 2025 году.

 

Аднак у некаторых краінах Еўропы ўжо дзейнічаюць даволі жорсткія правілы выхаду на пенсію. У Даніі з 2007 году жыхарам выплачваюць пенсію толькі з 67 гадоў. Тое ж самае назіраецца і ў Нарвегіі, аднак тут пры жаданні ў 62 гады можна выйсці на так званую «папярэднюю пенсію». Фінляндыя планавала павялічыць узрост выхаду на пенсію з 63 да 65 гадоў, але ўлады былі вымушаныя адступіць пад ціскам прафсаюзаў. У Швецыі з 1975 году людзі сыходзяць на пенсію ў 65 гадоў.

 

У Германіі, дзе ўзровень нараджальнасці адзін з самых нізкіх у Еўропе, вырашылі з 2012 году паступова павялічваць узрост сыходу на пенсію, і да 2029 году ён дасягне 67 гадоў.

>

Не так даўно Французскі Сенат адобрыў рэформу, якая стала «яблыкам разладу» паміж прафсаюзамі і ўладамі. Рэформа прадугледжвае павышэнне пенсійнага ўзросту з цяперашніх 60 да 62 гадоў да 2018 году, а да 2030 года – да 67 гадоў па прыкладзе іншых еўрапейскіх краін, у першую чаргу Германіі. Гэта заканамерна пацягне за сабой і павелічэнне тэрміну працоўнага стажу для атрымання «поўнай» пенсіі.

 

Што тычыцца Беларусі, то ў цяперашні час 27% жыхароў нашай краіны – пенсіянеры. Працягласць жыцця з кожным годам узрастае – гэта пазітыўны аспект. «У нас, як вы ведаеце, пенсійны ўзрост для жанчын – 55 гадоў і 60 для мужчын. Нам не трэба падымаць пенсійны ўзрост», – сказаў Лукашэнка ў мінулую пятніцу ў часе сустрэчы з удзельнікамі акцыі «Пытанне прэзідэнту», і прывёў у прыклад Францыю, дзе працягваюцца забастоўкі супраць павелічэння пенсійнага ўзросту.

 

Але прэзідэнт Беларусі на нядаўнім з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прызнаў, што павялічваць пенсійны ўзрост трэба… «Пэнсійны ўзрост у Беларусі недазваляльна нізкі. З усіх пунктаў гледжання і перш за ўсё – з эканамічнай», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы праз паўхвіліны, што «мы не пойдзем на павелічэнне пенсійнага ўзросту». Яшчэ праз паўхвіліны да гэтай жа думкі прэзідэнт дадаў фразу «ў бліжэйшы час».

 

Між тым для павелічэння пенсійнага ўзросту ёсць аб’ектыўныя падставы. Паводле прагнозаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць пенсіянераў з году ў год будзе павялічвацца, а колькасць занятых у эканоміцы (у сувязі са старэннем насельніцтва) – скарачацца. Пенсійны ўзрост у Беларусі сапраўды могуць не павышаць. Але! Ёсць механізмы, якія дазваляюць дзяржаве стымуляваць людзей працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

 

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва на адной з сустрэч з журналістамі расказала такі сцэнар рэфармавання пенсійнай сістэмы. Узрост выхаду людзей на пенсію захоўваецца, аднак памер пенсій будзе залежыць ад часу, калі чалавек сышоў у адпачынак. Пайшоў рана – атрымаеш пенсію менш, пойдзеш пазней – пенсія будзе ўстаноўлена больш высокая.

 

Таму вельмі падобна на тое, што ў бліжэйшую пяцігодку дзяржава створыць дадатковыя «стымулы» для працаўладкавання людзей і пасля дасягнення імі пенсійнага ўзросту. Пакуль мне, безумоўна, далёка да стадыі пенсійнага ўзросту. Але ўсё ж такі, трэба ведаць, што цябе чакае.

Ілюстрацыя http://www.pkokprf.ru