Восеньская гісторыя
Праект рэалізоўваўся ініцыятыўнай групай «Ружовы слон» пры падтрымцы ГА «Цэнтр «Трэці сектар».
Абуджэнне цягі да беларускасці не можа адбывацца на пустым месцы: абавязкова усё павінна мець нейкі падмурак. Вялізны пласт нашай нацыянальнай культуры, нашых каранёў і традыцый ствараюць урадлівую глебу для развіцця асобы ў беларускім духу, на беларускай хвалі. Толькі для розных людзей гэта трэба даносіць па-рознаму, бо кожны з нас у розным узросце па-свойму звяртаецца да вытокаў: хто па неабходнасці, хто па ўнутраннаму адчуванню, а хто пад прымусам. Асабліва гэта тычыцца дзяцей.
>
Ідэя гэтага праекта ўзнікла не на пустым месцы. Сэнс заключаўся ў тым, каб праз казку далучыць дзетак да беларускай культуры, да беларускай традыцыі. А значыць, далучыць іх да чагосьці светлага, добрага, патаемнага, што трэба адчуваць душой, а не розумам. Чаму менавіта дзеці-сіроты? Праца з дзецьмі з сем’яў – гэта проста. А калі проста – гэта не цікава. Хацелася складанасцей. Хацелі – атрымалі! Затое змаглі падарыць маленькім жыхарам нашага горада сапраўдную казку, якой ім так не хапае ў рэальным жыцці.
Ініцыятыўная група моладзі «Ружовы слон» разам з сябрамі з ЮНЭСКА зладзіла некалькі развіваючых трэнінгаў па камунікацыі і канфлікталогіі, ролевую гульню, экскурсію па нашым родным горадзе, арганізавалі дзве паездкі – у Свяцк і на возера Свіцязь. На апошнім, выпускным мерапрыемстве мы арганізавалі баль, на якім зноўку вучыліся танцаваць народныя танцы, пасядзелі за працай у горадзе майстроў, дзе змаглі сваімі рукамі зрабіць шмат прыгожых рэчаў з паперы, бісеру і нітак, правялі шмат конкурсаў, у тым ліку і на лепшую тэатральную пастаноўку і на лепшы лялечны тэатр. Дзеткі і валанцёры змаглі паглядзець фотавыставу, на якой былі прадстаўленыя самыя яркія моманты нашага праекта, змаглі прыгадаць тыя смешныя выпадкі, якія здараліся з намі ў часе нашага праектнага падарожжа.
Што мы мелі напачатку і што атрымалі напрыканцы? Па-першае, дзеткі перасталі ўспрымаць ужыванне беларускай мовы толькі як неабходнасць на ўроку ў школе. Аказваецца на беларускай мове можна размаўляць і ў паўсядзённым жыцці! Гэта было сапраўдным адкрыццём для дзяцей.
Па-другое, дзеці змаглі даведацца пра беларускія легенды і паданні, звязаныя з тым жа возерам Свіцязь ці са Свяцкам. Ды і як жа не запомніць іх, калі гэтыя легенды расказвалі самі героі гэтых паданняў. Узяць да прыкладу Свіцязянку! У гульнёвай форме ўсё ўспрымаецца нашмат лепш. Мы змаглі пераканацца ў гэтым на практыцы. Дзеці мелі магчымасць акунуцца ў гісторыю роднага горада ў часе арганізаванай экскурсіі. Дзіўна, але аказалася, што некаторыя дзеці добра ведаюць легенду пра аленя Святога Губерта! Таксама яны крышку навучыліся танцаваць народныя танцы, да гэтага ўсё толькі прапаноўвалі нам патанчыць тэктонік!
Яшчэ адзін момант. Некаторыя дзеткі ў нашай групе былі складаныя, як гаварылі нам настаўніцы, з імі вельмі складана спраўляцца. Мяне вельмі радавала тое, што такія дзеткі з намі паводзілі сябе зусім інакш: яны рабіліся сапраўды больш добрыя і мяккія. Канечне, не абыходзілася без праблем і клапот, але калі параўнаць нашу першую сустрэчу і апошнюю – прагрэс відавочны: калі на першай сустрэчы большасць дзяцей ставілася да нас ці абыякава, ці нават варожа, то на апошняй сустрэчы ўсе дзеці абляпілі нас і не хацелі нікуды адпускаць. Добра, калі мы змаглі падарыць ім крышку дабрыні, цеплыні і надзеі, кавалачак казкі, у якую хочыцца верыць.
Кіраўніцтва дзіцячага дома сказала, што нам трэба паставіць помнік яшчэ пры жыцці. Да, ўяўляю я сабе гэты помнік: бронзавы слон пасярэдзіне Савецкай плошчы! Не, лепей мы абыйдземся без слана. Для нас галоўная ўзнагарода – усмешкі дзяцей і адчуванне таго, што мы можам нешта змяніць, няхай і не ў вялікіх маштабах.
Праект скончыўся, вынікі падведзеныя, высновы зробленыя. А адчуванне нейкае дзіўнае. Пішу гэты артыкул, зноўку ўсё перажываю, і думкі зараз недзе ў іншым месцы. Там, дзе адбой для маленькіх хлопчыкаў і дзяўчат у 21 гадзіну, а для больш старэйшых – у 22, там, дзе каўбаса такая нясмачная, а на падвячорак звычайна даюць сырок ці халву, там, дзе столькі складаных лёсаў, нягледзячы на такі малы ўзрост. Там, дзе мы змаглі штосьці змяніць і пакінуць свой след.