Вакзал для чатырох

| Без катэгорыі

У адзін цудоўны вечар наша невялікая кампанія з чатырох дзяўчат неяк выпадкова вырашыла, што Гродна стаў звычайным, мы ведаем у ім кожны куток і трэба ехаць ў сталіцу на 4 дні. Чаму на чатыры? Не ведаем, проста лічба прыгожая, ды і нас чацвёра. Шэсць гадзін раніцы. Побач сумкі, набітыя агуркамі, печывам і бутэрбродамі… І мы – у прадчуванні незабыўных «канікулаў» усміхаемся праваднікам (каб мы толькі ведалі, што будзе з намі ў канцы падарожжа!).

Дзень першы (лагерны)

Вакзал – вялікі і незнаёмы, крамы-шапікі, платформы, пераходы… Як толькі людзі тут арыентуюцца?!

– Прывітанне, Мінск!

Дзяўчаты, з якімі мы прыехалі ў сталіцу, з дзікім тупатам рванулі на …эскалатар! Прайшла гадзіна… Мы з’елі чабурэк і прачыталі ўсе аб’явы, а дзяўчаты ўсё наворачвалі колы на гэтым «атракцыёне».

– А потым мы паехалі ў наш лагер, памятаеш, Ліза?

– Так, з вамі забудзеш!

Маршрутка Мінск-Ракаў выцягнула з нашых кішэняў першыя 2000 рублёў. Некалі мы там адпачывалі, вясёлы быў час, вось і вырашылі наведаць старых знаёмых. Так атрымалася, што мы трапілі на апошні дзень змены, і дырэктар папрасіла нас, як бывалых артыстак, выступіць на развітальнай дыскатэцы. Сама вінаватая… Хто ж ведаў, што некалькі стаканаў піва будуць такой паваротнай з’явай у жыцці лагера. Памятаем, што нас прасілі спець «на біс», але мы ўжо не маглі… хаваць слёзы радасці і эмоцый!

– Ліза, пра што мы расказваем? Што пра нас падумаюць?

– Ну, як кажуць, з песні слоўка не выкінеш…

Наеўшыся шашлыка, паклаліся мы спаць гадзіны гэтак у тры…

Дзень другі (займальны)

Будынак вакзалу, які ўчора здаваўся чужым і няветлівым, станавіўся ўсё больш родным, знаёмым, сваім… У камеры захоўвання, дзе звычайна людзі пакідалі свае рэчы (не, вы не падумайце, мы там не жылі!), мы пераапрануліся, у прыбіральні ўмылі свае тварыкі. Амаль увесь другі дзень у сталіцы мы выдаткавалі на шпацыры. «Аблазілі» ўвесь цэнтр і стараліся паводзіць сябе як самыя сапраўдныя мінчанкі. Шукалі Макдональдс і бібліятэку… Безвынікова… Хацелася есці! Увечары мы сустрэліся з хлопцамі, з якімі Наста пазнаёмілася ў нэце, бачылі іх першы раз у жыцці, але нам пашанцавала: яны нас накармілі. А потым мы пайшлі у начны клуб, і не таму, што нам хацелася танцаваць: проста спаць не было дзе! Як звычайныя культурныя людзі сядзелі сціпла, з соннымі вачыма, якія імкнуліся закрыцца, калі мяняўся трэк…

Ноч з другога дня на трэці (выпрабавальная)

У клубе нам стала сумна, і, пакінуўшы сябровак у стане «дыскасну», выйшлі на цёмную летнюю вуліцу… Прайшлі пару метраў, і адразу прапанова: «Дзяўчынкі, сумуеце? Падвезці?». Некалькі разоў адмовілі, а вось «Крайслер» прывабіў. І дакладна ведаючы я толькі адзіны «адрас», мы патрабавалі адвезці нас на Плошчу Незалежнасці! Кіроўца стаў цікавіцца, хто мы і нашто нам патрэбна Плошча?

– Памятаеш, Ліза, якую ты выдумала дзіўную гісторыю пра рэпетытара па філасофіі, які ў чатыры гадзіны ад’язджае назаўсёды з краіны, а ўрок прапусціць нельга… Потым нешта пра цяжкае жыццё студэнта і пра незвычайны адрас рэпетытара (на Плошчы Незалежнасці няма жылых дамоў). А потым твой позірк выпадкова спыніўся на бэйджыку з надпісам: «Старыня Фрунзенскага РАУС»…

– І тут, Наста, я разумею, што трэба выдумваць новую гісторыю жыцця ці папрасіцца выйсці ў прыбіральню. Я рэзка змяняю месца дыслакацыі рэпетытара, і кажу, што жыве ён вось тут, ці тут…недзе блізка… Кіроўца глядзеў на мяне здзіўлена, але ўсё ж такі я дамаглася прыпынку і выляцела куляй з машыны.

Гэты старшыня нас пераследаваў хвілін дзесяць, але мы адарваліся, азірнуліся і пазналі… парк Горкага. Вось яно – выратаванне! На халодных лаўках заснулі, як бамжы. А раніцай злавілі таксі, забралі дзяўчат з клуба і паехалі… Як вы думаеце, куды? На вакзал – дадому, так бы мовіць. Якая асалода!

Дзень трэці ( сонны…)

Мы ўсе адчувалі вялікую стомленасць, і гэта было не дзіўна, таму што за двое сутак мы праспалі мабыць гадзін 4-5. На вакзале ёсць платныя залы з крэсламі, дзе можна падрамаць. Мы накіраваліся туды, але, вядома ж, усе месцы былі занятыя. Што нас, безумоўна, уразіла. Нашыя сяброўкі Аліна і Хрыся пайшлі шукаць месца, дзе адпачыць, а мы вырашылі пайсці па гораддзе. Ну, каб не заснуць, проста хадзіць туды-сюды, і ўсё. Уявіце сабе карціну: дзве дзяўчыны нібы п’яныя ад стомленасці валакуцца па вуліцах ранняшняга Мінску, і адна з іх нешта кажа другой… А голас нейкі далёкі-далёкі і больш падобны на пчалінае гудзенне, чым на гаворку.

– Ліза, я нічога не разумею, што ты мне кажаш!

– Дык я так сама! – Смяецца. – Я проста гавару, каб не заснуць.

Прыйшлі мы ў нейкі ціхі скверык. Вырашылі спаць па чарзе, але атрымалася – разам. Праз некаторы час у сквер прыйшлі дворнічыхі, пачалі скрабсці тратуар, таму мы і прачнуліся. Усё цела здранцвела, балелі ногі і спіна… Дворнічыхі пасмейваліся з нас: трэба было бачыць нашыя твары – апухлыя, сонныя, стомленыя. Менавіта ў гэтыя хівіліны мы пашкадавалі аб тым, што прыехалі ў Мінск. Вырашлі вярнуцца. Куды? На вакзал! Нашыя дзяўчаты выглядалі не лепей за нас: іх увесь час будзілі міліцыянеры.

Пасля гэтай звар’яцелай і няўдалаў спробы адпачыць, мы зразумелі, што, па-першае, каб паглядзець сталіцу, трэба прывесці сябе «ў форму», а, па-другое, для гэтага трэба тэлефанаваць знаёмым. Згадзіўся нас прыняць брат сяброўкі, які жыве за горадам. «Загарад» у Мінску – гэта вам не Зарыца! Ехалі мы туды гадзіны дзве. А потым проста выключыліся на 240 хвілін.

alt=”3″ sub=”3″ >

Падзякавалі гаспадарам і паехалі назад. Пераапрануліся (на вакзале, вядома!), пайшлі гуляць па горадзе. Надыходзіла ноч. І мы адправіліся спаць у… начны клуб. З успамінаў – музыка, кальян і навальніца. У клубе пакінулі апошнія грошы. Раніцай пайшлі дадому, на вакзал.

Дзень чацвёрты (нарэшце!)

У апошні дзень накіраваліся ў «Дрымлэнд» (каруселькі такія), дзе пазнаёміліся з «кіраўнікамі атракцыёнаў». Нават самі трошкі пакіравалі. Было весела. Пасля восьмага кола нават не было млосна!

На вакзале мы ўжо віталіся з персаналам, а дзядзька, які выдаваў рэчы ў камеры захоўвання, з тугой паглядзеў на нас і, мабыць, засумаваў па нашых пераапрананнях. Эскалатар ужо нікога не цікавіў, а чабурэкі ў краме ніяк нас не прываблівалі.

Цягнік павінен быў ад’язджаць а 16 гадзіне. Але на пероне высветлілася, што білет у адной з сябровак – на той жа самы дзень, толькі… праз месяц. Памылка такая здарылася. І мы ўжо нічога не паспявалі зрабіць. Не было ні грошай, ні знаёмых… Правадніца, тая яшчэ халера, крычала і не дазваляла ўваходзіць у вагон: білеты на гэты цягнік былі толькі ў траіх, адна з нас павінна была застацца тут на месяц… Стала сапраўды страшна! Захацелася плакаць ад несправядлівасці сітуацыі. Але Бог нас пашкадаваў і паслаў нам начальніка цягніка, добрага мужчыну, з якім мы адразу дамовіліся… Грукат калёс, ціхі храп… Гэта дзеўкі спяць. Ціха, таварышы!

Дзень пяты (выпаў з памяці)

Дзень шосты (падвядзенне вынікаў)

Наста выкінула кеды (працерліся)

Хрысціна закахалася (нечакана!)

Аліна вярнула грошы за білет (12 тыс.)

Ліза больш не садзіцца ў незнаёмыя «Крайслеры» (толькі ў «Бэнтлі»)

Усе пахудзелі на некалькі кілаграмаў (радасна)

Грошай не было яшчэ месяца два (кепска)

Ёсць што ў кампаніі расказаць (весела)

Памяць аб сустрэчы са старшынёй РАУС (цягне на філасофію)

Прыязджайце да нас, на сталічны вакзал, мы вам там усё пакажам!

Лізавета Гарохава і  Наста Аўдзей