Гродзенцы галасуюць за цягнік да Варшавы

|

У касавай зале вакзала 10 лістапада ўстанавілі скрыню, у якую кожны ахвотны можа ўкінуць анкету, адказаўшы “так” ці “не” толькі на адно пытанне: “Ці лічыце вы мэтазгодным прызначыць курсіраванне цягніка злучэннем Гродна-Варшава-Гродна?”.

 

Як паведаміў “Твайму стылю” начальнік вакзала, на сёння  сваё меркаванне выказалі 839 чалавек.

Пераважная колькасць выступае за ўвядзенне новага маршрута.

Акрамя анкет з адказам “так” у скрыні знайшлі 6 незапоўненых анкет і 36 запоўненых неахайна.

Супраць не выказаўся ніводзін пасажыр.

Выказаць сваё меркаванне гродзенцы могуць яшчэ 2 дні.

Увечары 19 лістапада адміністрацыя вакзала прыбярэ скрыню і падсумуе вынікі.

 

Вывучэнне грамадскай думкі адносна ўвядзення цягніка на Варшаву ў Гродне робіцца з ініцыятывы  Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.

Калі вынікі апытання будуць пераканаўчымі, будзе вырашаца пытанне з закупкай састава, а пазней – з тарыфамі, раскладам і г.д.

Так што ў любым выпадку гродзенскі цягнік на Варшаву з’явіцца яшчэ няхутка.

 

Фота Асі Тарноўскай