Новы век старых рэчаў
Праявіўшы кемлівасць, можна падараваць рэчам «другое жыццё». Варыянтаў, як гэта зрабіць, некалькі. Можна сабраць старыя рэчы і аддаць сваякам, калі тыя маюць патрэбу.
Можна проста адвезці на лецішча, дзе потым з радасцю зноў насіць. Дарэчы, ідэя са сметнікам не такая ўжо кепская, калі рэчы не выкідваць у кантэйнер, а паставіць побач у пакеціку. Упэўнена, што жадаючыя іх забраць знойдуцца хутка. Бамжам гэта будзе сапраўднае свята.
Дабрачыннасць – таксама варыянт. Можна аддаць свае рэчы ў мясцовыя аддзяленні «Чырвонага крыжа» альбо дзіцячы дом. Калі вырашыце пайсці ў «Чырвоны крыж», то варта ведаць, што там існуюць некаторыя правілы прыёму рэчаў ад насельніцтва, пра якія мне паведаміла старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Раманія Раманаўна Скамарошка.
Патрэбна, каб адзенне было чыстае, магло выкарыстоўвацца паўторна. Перавага аддаецца цёплым рэчам, напэўна ў сувязі з набліжэннем зімы. Прыносіць у «Чырвоны крыж» рэчы можна не кожны дзень, а толькі ў часе акцый, якія праводзяцца калі-некалі. Даведацца пра гэтыя акцыі можна праз розныя СМІ. Бліжэйшая такая акцыя плануецца ў пачатку снежня. Дакладаней пра гэты «пачатак» я не даведалася. Патрэбна мець з сабой пашпарт, але калі вы захочаце застацца інкогніта, то ніхто не будзе супраць. Пазней супрацоўнікі «Чырвонага крыжа» размяркуюць рэчы паміж усімі, хто мае патрэбу: пажылымі, мнагадзетнымі, людзьмі без пэўнага месца жыхарства.
Пры некаторых рэлігійных супольнасцях створаны дабрачынныя арганізацыі, як я ахвотна прымаюць адзенне і аддаюць бедным.
Здараецца, што рэчы зусім новыя, але вы па нейкай прычыне перасталі іх насіць. Не спяшайцеся выкідваць, асабліва калі яны якасныя і дабротныя. Любую рэч можна перашыць, альбо ўпрыгожыць яе якой-небудзь моднай дэкаратыўнай дэталькай. Тады рэч набудзе «новае жыццё» і вы зноў зможаце з радасцю апранаць яе. Больш таго, існуе такое паняцце як «вінтаж» – рэч, якой «стукнула» 40 ці 50 год пераўтвараецца ў рарытэт і можа каштаваць неверагодныя грошы. Паглядзіце, можа ў шафе схавалася сукенка вашай бабулі?