Дзень правоў і абавязкаў…

|

«…Перш за ўсё трэба прыгадаць падзеі, што папярэджвалі паўстанню канстытуцыі. Пачну з 1990 году. Улетку Гарбачоў пачаў распрацоўку «Саюзнага дагавору», гэтым намагаючыся стрымаць распад СССР. Пасля таго як Ельцын стаў прэзідэнтам Расіі, ягоная пазіцыя стала ячшэ больш нестабільнай. Ён мусіў паскорыць распрацоўку дагавору. Былыя Саюзныя Рэспублікі мелі намер увайсці ў склад Саюзу Суверэнных Дзяржаў на роўных правах. Такім чынам, рабілася ўсё, каб захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Саюзу і стабілізаваць сітуацыю. Але некаторыя кіраўнікі запанікавалі, таму рабілі ўсё, каб захаваць стары лад. Так быў створаны ДКНС.

…Дзяржаўны камітэт па надзвычайным стане – гэты орган створаны шэрагам вышэйшых чыноў. Сярод іх былі віцэпрэзідэнт Г. Янаяў, старшыня КДБ Кручкоў, міністр унутраных спраў Б. Пуга. Яны абвясцілі надзвычайны стан на паўгады і фактычна забралі ўладу ў свае рукі» .

Далей былы дэпутат адышоў ад энцыклапедычных фактаў і падзяліўся сваімі ўспамінамі з таго часу.

– Як толькі я даведаўся пра гэта, адразу рушыў у Мінск, дзе зібіраліся ўсё члены парламенцкай апазіцыі. Дарэчы, як ехаў у цягніку, выйшаў папаліць. Сустрэў нейкага палкоўніка, зараз не прыпомню ягонае імя. Ён таксама быў увесь на нэрвах. Убачыўшы мяне, іранічна ўсьміхнуўся: «Што, – кажа – «нефармалы», дапрыгаліся»? Па прыездзе стала яшчэ жудасней. Ельцын слаў усім факсы, што, маўляў, ДКНС незаконна захапіў уладу, выдаваў нейкія ўказы… Найгоршае – спецыяльна дужа завышаў лічбы забітых і параненых, патрабаваў выводзіць людзей на плошчы і г.д.

Потым, а гадзіне другой ночы, прыйшла інфармацыя, што ў Мінск у раён Мар’інай Горкі вырушыла калона бранятэхнікі. Я і Аляксандар Шут паехалі туды. Па дарозе пыталіся ў кіроўцаў «фур», ці бачылі яны танкі. Тыя адказвалі адмоўна, усе былі ў жудасе. Ехалі спецыяльна па прасёлачных дарогах, бо па шашы танкі б не паехалі. І насамрэч, прыкладна ў трыццаці кіламетрах ад Мінску заўважылі сляды ад тракаў. Побач была невялічкая вёсачка. Жыхары нічога не бачылі, але казалі, што: «Усю ноч гудзела нешта». Урэшце знайшлі мы калону бронетэхнікі. Тыя спачатку вырашылі, што мы прыехалі каб прыняць кіраўніцтва, але потым нас адвялі да камандзіра – палкоўніка Барадача. Каля трох гадзін цягнулася цяжкая размова. Ён меў усе паўнамоцтвы аддаць загад на пацыфікацыю сітуацыі. І неяк выпадкова пад час гутаркі мы даведаліся, што ў яго дачка вучыцца ва ўніверсітэце: «Яна ж у Мінску, – кажам мы. – Будзе на плошчы, і вы ўсё роўна аддадзіце загад страляць?». Пасля гэтага пачалася чалавечая размова. «Значыць так, – сказаў ён, – Мы будзем заўтра ў Менску, але ніводзін мой салдат не будзе страляць!». Гэта быў жудасны час… Як стала вядома потым, для кожнага гораду існаваў план – дзе павінна стаяць бронетэхніка і вайскоўцы.

Як вядома, з 375 дэпутатаў Вярхоўнага Савету было 27 прадстаўнікоў апазіцыі. Як сем адсоткаў парламенту зрабілі рэч фэнаменальную – заставілі Камуністычны Савет прагаласаваць за адхіленне Камуністычнай Партыі ад улады?

Па-першае, пасля правалу ДКНС, яны адчувалі проста жывёльны жах! Да гэтага дадалося самагубства Пугі. І тысячы, дзесяткі тысяч людзей на плошчы. Былі дні, калі лічба перавышала сто тысяч чалавек! Пад такім ціскам, яны былі гатовыя пайсці на ўсё, каб толькі захаваць сваё жыццё, не кажучы ўжо пра пасаду. Тады было лёгка працаваць. Закон прымаўся за законам, працоўны дзень цягнуўся па 10-11 гадзін.

Праз некаторы час, вядома, камуністычныя сілы прыйшлі да сябе. Хутка зразумеўшы, што ім мала што зараз пагражае, яны маглі выйграць простым націсканнем на адну кнопку. Тады мы мусілі пускацца ў хітрыкі: калі нам трэба было правесці якую-небудзь важную паперу, уставаў Пазняк і пачынаў яе хаіць. Усе дружна галасавалі супраць яе і мы выйгравалі.

Канстытуцыя стваралася на працягу трох з паловай год. Здаецца, што гэта не малы тэрмін, нават для такога важнага дакументу. Чаму праца заняла столькі часу? Ці канчатковы кшталт асноўнага закону краіны задаволіў усіх?

Трэба разумець, што пераважная большасць Савету, у тым ліку, вядома, і апазіцыя, дрэнна ўяўляла, што такое Канстытуцыя. Пры старшынстве Станіслава Шушкевіча былі прынятыя 101 з 146 яе артыкулаў. Прычым, кожны з іх прымалі ў двух чытаннях, сядзелі над кожнай літарай. Потым Шушкевіча адсунулі з пасады Вярхоўнага Старшыні Савету, абвінаваціўшы паміж іншым ў замаруджванні працэсу прыняцця канстытуцыі. Яго змяніў Мечыслаў Грыб, пры якім прынялі 7 артыкулаў. І тут вельмі важны момант: каманда «Маладых ваўкоў» (Віктар Ганчар, Дзмітрый Булахаў і Анатоль Лябедзька) дамагалася каб апошнія трыццаць восем артыкулаў былі прынятыя разам. На жаль, Грыб саступіў ім. Я лічу, што гэтыя артыкулы, з-за паспешнасці свайго прыняцця, могуць быць трактаваныя неадназначна.

Канстытуцыя 1994 году далёка не першая ў гісторыі Беларусі. Першым дакументам, якому можна надаць ролю канстытуцыі, лічыцца статут ВКЛ 1588 года, створаны на падставе двух папярэдніх статутаў 1529 і 1566 г. У ім юрыдычна замацоўваўся суверэнітэт ВКЛ, правы і абавязкі грамадзян. Канстытуцыю Рэчы Паспалітай 1791 года, таксама можна лічыць і беларускім канстытуцыйным актам. Затым, тры Ўстаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны абвяшчалі дзяржаўны суверэнітэт БНР, а таксама гарантавалі вольнасць слова‚ друку‚ сумлення‚ недатычнасць асобы. Нельга, канешне, забывацца і пра чатыры канстытуцыі БССР 1919, 1927, 1937 і 1978 гг. Зараз мы карыстаемся амаль той самай канстытуцыяй 1994 года, толькі з прыпіскай: «са змяненнямі і дапаўненнямі».

Сустрэча з дэпутатам арганізавана праз Беларускую Народную Памяць.

Усевалад Шлыкаў