Міністэрства культуры адказала абаронцам Каложы
Зварот арганізатараў і экспертаў адкрытых грамадскіх слуханняў па праблеме рэканструкцыі Каложскай царквы да Паўла Латушкі міністэрства культуры разглядала сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам, прадстаўнікамі “Гроднаграмадзянпраекта”, мітрапалітам Філарэтам і епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем.
Азнаёміўшыся з праектам рэканструкцыі Барысаглебскай (Каложскай) царквы, прадстаўленым архітэктарам Г.Лаўрэцкім, эксперты і ўдзельнікі грамадскіх слуханняў выказалі сур’ёзныя сумненні ў мэтазгоднасці яго рэалізацыі.
Яны звярнуліся да міністра культуры з просьбай яшчэ раз разгледзіць праект рэканструкцыі Каложскай царквы на паседжанні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.
Міністэрства культуры заклапочанасці грамадзкасці не падзяляе.
У адказе аўтарам звароту паведамляецца пра тое, што навукова-метадычная рада разглядала пытанні аб правядзенні работ на Каложскай царкве неаднаразова пачынаючы з 1994 года.
Праектная прапанова Г.Лаўрэцкага была ўхваленая яшчэ 24 снежня 2008 года (пратакол №149).
Падставай для аднаўлення страчаных муроў з’яўляюцца акварэлі 19 стагоддзя, якія захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістрарчным архіве С.-Пецярбургу.
На пытанне аб недапушчальнасці выкарыстання сучасных будматэрыялаў, у лісце з міністэрства культуры паведамляецца, што міжнародная практыка такі падыход не выключае.
Вопытныя ўзоры цэглы, якая па сваіх памерах адпавядае плінфе, але адрозніваецца ад яе па колеры і характары паверхні, ужо выраблены краснасельскім заводам будматэрыялаў.
Гіпсакартон на Каложы выкарыстоўвацца не будзе, а іншыя матэрыялы будуць прымененыя з мэтай памяньшэння нагрузкі на схіл Каложскага плато.
Аўтараў звароту непакоіла адсутнасць даследаванняў тэхнічнага стану сцяны і двух слупоў ХІІ ст.: пасля рэалізацыі праекту рэканструкцыі нагрузка на сцяну ў разы павялічыцца, слупы ж стануць нясучым элементам даху, што можа выклікаць іх разбурэнне.
Па дадзеных міністэрства культуры ўсе неабходныя даследванні праведзеныя “Гроднаграмадзянпраектам”, і ўстойлівасць канструкцыі адпавядае будаўнічым нормам.
Апошнім аргументам абаронцаў Каложы была адсутнасць у Беларусі падрадчыка, які здолеў бы выканаць працы па рэканструкцыі на адпаведным высокім узроўні. (Прыводзіліся прыклады рэканструкцыі Нясвіжскага і Лідскага замкаў, падчас якіх помнікам архітэктуры і культуры была нанесена непапраўная шкода).
На гэта супрацоўнікі мінкульта адказваюць, што падцвярджэннем кваліфікацыі выканаўцаў работ з’яўляецца Ліцэнзія, якая выдаецца ў парадку, вызначаным Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва.
А за адпаведнасць дзеючым нарматыўным патрабаванням у выкананні работ нясе адказнасць заказчык.
Аўтары звароту адказам міністэрства культуры засталіся незадаволеныя.
Гісторык Андрэй Вашкевіч: “Канешне, ліст у большай ступені нагадвае адпіску. Грунтоўнага разгляду нашых перасцярогаў не адбылося, і ніякага памкнення да дыялогу мы не ўбачылі”.