Гродна: штабы кандыдатаў заклікаюць пашырыць пералік месцаў для агітацыі
Як паведамляе сайт “Вясна”, на іх думку, прынятае рашэнне істотна абмяжоўвае адкрыты і шырокі доступ да выбаршчыкаў, а значыць і права на агітацыю.
Прыкладам, такую заяву ў выканаўчы камітэт накіраваў Юрый Істомін, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі АГП, актывіст выбарчага штабу Яраслава Раманчука.
Ён заяўляе, што на дадзеным этапе выбарчага працэсу патрэбны большыя адкрытасць і галоснасць. У ліку іншых аргумантаў палітык спасылаецца таксама на станоўчае рашэнне Мінскага гарвыканкама, якое істотна пашырыла колькасць месцаў для вядзення агітацыі.
Аналагічную заяву ў Гродзенскі гарвыканкам накіраваў Дзмітрый Бандарчук, актывіст выбарчага штабу Уладзіміра Някляева.
Нагадаем, што на мінулым тыдні калектыўную заяву на гэты конт накіравалі абласной выканаўчай уладзе і абласной тэрытарыяльна-выбарчай камісіі гродзенскія праваабаронцы.
Аднак, зменаў у рашэнні гарвыканкаму пакуль няма. Назіральнікі мяркуюць, што гродзенская гарадская “вертыкаль” самастойна змяніць рашэнне не можа і чакае ўказанняў “зверху”.
Прыкметы прэзідэнцкіх выбараў у Гродне слабазаўважныя. У горадзе працуюць грамадскія прыёмныя Аляксандра Лукашэнкі (на вул. Тэлеграфнай) і Андрэя Саннікава (на вул. Будзёнага). Агітацыйных плакатаў ці ўлётак кандыдатаў амаль няма.
З кандыдатаў у бліжэйшы час у Гродна збіраецца прыехаць Яраслаў Раманчук. Яго сустрэча з гарадзенцамі запланаваная на 28 лістапада.
На здымку: кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук сустракаецца з гарадзенцамі ў час збору подпісаў
Фота Аляксандра Саенкі