Глядзіце відэаінтэрв’ю з кандыдатамі ў прэзідэнты

|

Распачынае серыю інтэрв’ю з Уладзімірам Някляевым.

 

У сваім інтэрв’ю Уладзімір Някляеў распавядае, навошта ў “мужчынскі дзень” гуляе з жонкай па тонкім лёдзе, з-за чаго ад яго адвярнуліся некаторыя сябры, чаму пайшоў у палітыку і што можа супрацьпаставіць сённяшняму “застою”.

 

 

— Ваш ідэал палітычнага лідара?

 

— Той самы, што і ў Канфуцыя. Калі ў Канфуцыя спыталіся: “Якім павінен быць імператар?” — ён сказаў: “Незаўважным”. Кіраваць трэба так, каб ніхто не бачыў, што табой кіруюць.

 

— Ваша ўлюбёная кніга альбо песня?

 

— “Тры мушкецёры” Аляксандра Дзюма. Прычына: там напісана пра ўсё, што з чалавекам можа быць і нават пра тое, што можа і не стацца. А песня — тая, што спявала мая маці: “Ой, жураўку-жураўку! Чаго крычыш на ранку? Ой, як жа мне не крычаць? Трэба высака лятаць”.

 

— Як вы ставіцеся да сексуальных меншасцяў?

 

— Ніяк. Проста не стаўлюся ніяк. Калі яны ёсць — хай будуць, гэта іх асабістая праблема.

 

— У колькі разоў заробак прэзідэнта мусіць быць большы ці меншы за заробак настаўніка?

 

— Меншы, відаць, наўрад ці ён павінен быць. Але каб не было сацыяльнага напружання ў грамадстве, не павінны вельмі адрознівацца заробкі па вертыкалі. Найвышэйшы і найніжэйшы не павінны перавышаць адно аднаго ў тры, ну, можа, у пяць разоў.

 

 

— На дадзены момант, калі ў вас ёсць у кішэні кашалёк, колькі ў ім грошай?

 

— Раніцай было 300 тысяч. Сто тысяч я аддаў жонцы — значыцца, цяпер у мяне 200 тысяч рублёў.

 

— Як вы дома называеце сваю жонку?

 

— “Яска мая”!

 

— Раскажыце пра самую важную сямейную традыцыю.

— Мы штогод на 23 лютага выбіраем рэчку — звычайна гэта Свіслач каля моста, і пераходзім яе па лёдзе. А калі няма лёду на Свіслачы, то мы выбіраем рэчку, дзе ён ёсць. У той дзень, калі мы пазнаёміліся, нават больш скажу — зблізіліся, мы зрабілі гэта, перайшоўшы па лёдзе праз Свіслач. Тады лёд яшчэ не рухаўся, але ўжо ўздыбліваўся, ён набухаў, і ісці было небяспечна. І мы загадалі: “Калі мы дойдзем да другога берага, то мы пройдзем разам да таго берага, які непазбежна ў нас наперадзе, — наша жыццё”.

 

— Чаму вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?


– Я не толькі паэт: у 20 гадоў я быў выконваючым абавязкі прарабскага ўчастка, і ў мяне ў падпарадкаванні было амаль 20 тысяч людзей. Уся мая праца кіраўніка — я быў галоўным рэдактарам, старшынёй Саюза пісьменнікаў — скіраваная была на тое, каб дабіцца ў калектыве, незалежна ад яго колькасці, такой працы, каб усё ішло і ў тым выпадку, калі кіраўнік адсутнічае. Калі б усе нашыя праблемы можна было вырашыць літаратурай, паэзіяй — напісаў моцную, энергетычную кнігу і дасягнуў — я б не палез у палітыку. Але відавочна, што сённяшнюю эканамічную, палітычную, сацыяльную сітуацыю можна вырашыць толькі у палітыцы. Таму я ў ёй.

 

З поўным тэкстам інтэрв’ю можна пазнаёміцца на старонцы ЕРБ.

Падзяліцца |