Доказ бацькоўства каштуе каля міліёна рублёў
Толькі ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна сёлета было пададзена 27 заяваў на ўстанаўленне бацькоўства.
Як паведамляе “Милицейский вестник”, з такімі позвамі звяртаюцца найчасцей жанчыны да 30 гадоў.
Доказ таго, што той альбо іншы мужчына з’яўляецца бацькам дзіцяці, абыходзіцца жанчынам амаль у міліён рублёў. Сто пяць тысячаў трэба заплаціць у якасці дзяржаўнай пошліны ў суд. Яшчэ 625 тыс. каштуе генатыпаскапічная экспертыза.
З улікам таго, што экспертыза робіцца ў Мінску, грошы спатрэбяцца таксама на дарогу туды. Пры гэтым давядзецца ехаць двойчы – на экспертызу і праз месяц за яе вынікамі.
Біялагічыя абразцы для аналізу бяруць у маці, дзіцяці і патэнцыйнага бацькі дзіцяці. Для гэтага ў кожнага бярэцца мазок з рота. У некаторых выпадках бярэцца кроў з пальца.
Экспертыза дазваляе ўсталяваць факт бацькоўства на 99,9%.
Такога кшталту экспертызы праводзяцца ў Беларусі з 1995 г. Да гэтага ступень сваяцтва высвятлялася па групах крыві, але даказаць факт бацькоўства пры дапамозе такога метаду было вельмі складана.
У Гродне генатыпаскапічныя экспертызы праводзяцца толькі па крымінальных справах: у выпадках згвалтавання, дзетазабойства, падмены альбо скрадання дзіцяці, калі трэба ўсталяваць факт сваяцтва паміж неапазнаным трупам і мяркуемымі сваякамі.