Пацалункі па e-mail

Бяспынны рух жыцця вымушае шукаць новыя нішы для жыццясцвярджэння. Жыццё on-line, вядома, выйсце, прычым адзінае, якое па шырыні ўплыву не мае альтэрнатывы. Тут можна вывучыць замежную мову, атрымаць адукацыю, даведацца пра ўсе мажлівыя плёткі і тысячу разоў абмеркаваць іх у розных кампаніях, самому падкінуць беспадстаўную плётку на форум і з усмешкай назіраць за варыянтамі развіцця падзей. Можна лёгка знайсці сяброў і адначасова перасварыцца з усімі разам.

 

Інтэрнэт многа дае і много адымае. У першую чаргу пэўны кавалак бяспыннага руху часу. Але ці можна пакахаць у рэжыме on-line? Як сцвярджаюць псіхолагі, станоўчыя флюіды, якія вылучае чалавек супрацьлеглага полу, успрымаюць рэцэптары, што знаходзяцца ў верхнім насавым ходзе побач з тымі, якія адчуваюць пах. Але калі не звяртаць увагі на гэты факт, то ўсплываюць відавочныя плюсы інтэрнэт-знаёмстваў: можна не пісаць праўду і падавацца лепшым, чым ты ёсць. Можна наогул выдумаць сябе па-новаму. Тут ужо як запрацуе ўласная фантазія. Можна ўпрыгожыць аккаўнт чужой фоткай, а калі выкладаць сваю, то, канечне, самую выбітную і старанна адфоташопленую.

 

Але немагчыма проста адчуць цеплыню далоні, заўважыць мімічную «гульню» твару і запусціць працу тых самых рэцэптараў, што, нібыта, адказваюць за сімпатыю.

 

Гісторыя першая

Ёй 19 год, і яна цалкам адпавядае крытэрыям каштоўнасцяў «дзіцяці свайго часу». Знаёміцца прынцыпова на mail.ru, таму што гэта хутка і лёгка даецца. З той жа лёгкасцю яна ставіцца да гэтых зносінаў, асабістых прэтэнзій да хлопцаў не мае. Галоўнае, каб адзначыў яе фотку, уразіўся зместам анкеты, дзе толькі 10% праўды, і запрасіў на спатканне. Яна думае, што не трэба марудзіць, і з першай сустрэчы лічыць сябе абручанай каханнем з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі. І горка плача, калі гэтак жа лёгка яе кідаюць. Плача, і стварае новы аккаўнт на знаёмствах mail.ru.

 

Гісторыя другая

Ёй 24. Яна лічыць сябе інтэлектуалкай і з’яўляецца ею насамрэч. Таму дыскатэкі і бары пакідаюць у глыбіні душы непрыемны асадак. У яе быў адзіны аккаўнт на сайце знаёмстваў, дзе змяшчалася праўдзівая гісторыя яе жыцця з уласнай фоткай. І ніхто пра яго не ведаў. Увесну ў яе адбудзецца вяселле з хлопцам, з якім яна пазнаёмілася праз тую самую сацыяльную сетку. Хлопец – яе сусед, але даўно працуе ў іншым горадзе. Па волі лёсу яны не мелі магчымасці пазнаёміцца ў рэчаіснаці, таму што ён старэйшы на 7 год і ў дзяцінстве яны тусілі ў розных кампаніях.

 

Мая гісторыя

У мяне 6 аккаўнтаў на розных сацыяльных сетках знаёмстваў, уключаючы знаёмствы па-беларуску і сайт бясплатных знаёмстваў з іншаземцамі. Мае аккаўнты ўражліва адрозніваюцца між сабой па змесце, узросце, сферы цікавасці і занятасці. Яны розныя, але ўсюды змяшчаецца ўласнае фота. Важкі вынік: на ўсіх айчынных сайтах знаёмстваў зарэгістраваны адныя і тыя ж людзі.

 

Мой выпадковы аматар усюды сачыў за мной і дасылаў аднатыпныя лісты. 70 адсоткаў іншых аматараў прапаноўвалі інтымную сувязь і пыталіся пра кошт. Увагі заслугоўвалі рэдкія пасланні, у адным з якіх выкладчык з майго ўніверсітэта запрасіў мяне ў рэстаран і вельмі спадзяваўся на развіццё нашых адносін не толькі ў інтэрнэце. Як добра, што я ўжо скончыла вучыцца на яго кафедры і ўжо ніколі з ім не сутыкнуся. На бясплатным сайце знаёмстваў з іншаземцамі наогул прышпільна. Ён быццам бясплатны, але, каб даслаць ліст, трэба заплаціць 20 даляраў, а каб тваю анкету зрабілі VIP і паказвалі яе ў першую чаргу, трэба плаціць у дадатак.

 

Майму хлопчыку з Мілана 19 год. А мне нібыта 18. Ён думае, што знайшоў першае каханне і чакае ад мяне запрашэнне ў Беларусь. Ён мастак і дасылае мне фатаграфіі намаляваных ім маіх партрэтаў. Піша, што ў маіх вачах – сум усёй Беларусі. І штодзённа пакідае 1000 пацалункаў на маім e-mail.

Ілюстрацыя http://www.tonnel.ru