«Прытульны, добры і цёплы наш беларускі свет»

З гэтай нагоды была арганізавана паездка студэнтаў гістарычнага факультэта ГрДзУ на радзіму пісьменніка ў Оршу. Васьмігадзінная дарога не змарыла аматараў Караткевіча. Каб паглыбіцца ў атмасферу творчасці пісьменніка, мы слухалі аўдыёзапісы яго голаса і глядзелі дакументальныя стужкі, прысвечаныя Уладзіміру Сямёнавічу.

Па прыездзе мы трапілі на III Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную дню нараджэння творцы. Адметным быў апошні выступ былога загадчыка музея У.Караткевіча ў Рагачове Андрэя Чарняўскага «Уладзімір Караткевіч і Рагачоўшчына». Дзякуючы захапляльнаму дакладу, потым многія прызнаваліся, што варта было заехаць на Рагачоўшчыну і паглядзець на прыроду гэтага краю, якая так захапляла Генія. У канферынцыйным зале заўважылі вядомыя многім твары: знакамітага гісторыка і сябра У.Караткевіча Адама Мальдзіса, пазней – Эрыксана Стэфана, пасла па справах Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У музеі класіка нас чакаў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра У.Караткевіча. Ён распавёў пра факсімільнае выданне «Ладзя роспачы», ў якім савецкая цэнзура зрабіла 296 (!) правак, выкрэсліўшы словы «Беларусь» і «беларусы». «Без Караткевіча мы былі б іншыя…», – падсумаваў У.Арлоў.

У будынку, дзе знаходзіцца дом-музей, калісьці нарадзіўся будучы пісьменнік і яшчэ многа-многа аршанцаў. У свой час тут была радзільня.

>

Непрыемна ўразіла тое, што нельга было набыць ні кніг пісьменніка, ні запісаў з ягоным голасам. А жадаючыя былі! Мы слухалі экскурсавода, праходзячы з залы ў залу, і раптам заўважылі яшчэ адзін знаёмы твар – Уладзіміра Някляева. Цёзка пісьменніка таксама прыехаў аддаць даніну павагі Уладзіміру Караткевічу. У.Някляеў распавёў пра суседства з класікам і прачытаў верш «Хадок», прысвечаны імянінніку.

 

А на выйсці з музея ў дзвярах сутыкнуліся яшчэ з адным кандыдатам у прэзідэнты – Яраславам Раманчуком.

Марознае надвор’е не спрыяла шпацыру па горадзе, ператвараючы яго ў бег… Як і большасць беларускіх гарадоў Орша пацярпела ад войн і антырэлігійнай палітыкі савецкай улады. Калі стаіш на месцы былых храмаў і слухаеш пра іх мінуўшую веліч і багацце, сэрца ахутвае смутак. Але не ўсё было збурана часам і ўладай. Калі ў Заходняй Беларусі – перавага касцёлаў, то на ўсходзе – панаванне праваслаўных купалоў. Перасоўваючыся па горадзе дробнымі перабежкамі, мы падыходзілі ад аднаго гістарычнага аб’екта да іншага.

 

У гарадскім цэнтры культуры трапілі на канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча. Спявак выконваў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча прадстаўляючы свой новы альбом «Беларуская песня». Канцэрт не пакінуў абыякавым нікога!

Вечар у Оршы

Дзень, прысвечаны знакамітаму аршанцу, не скончыўся і ўвечары. Была арганізавана літаратурная вечарына, на якой вершы Караткевіча, а потым і свае, чытаў малады паэт з Полацка Алесь Замкоўскі. А ў перапынках паміж вершамі мы спявалі песні пад гітару.

 

Раніцай мы наведалі яшчэ адно памятнае месца, праўда ўжо іншага паэта – Янкі Купалы, у вёсцы Ляўкі, дзе некаторы час было лецішча паэта. У 1982 годзе на гэтым месцы быў створаны музейны комплекс. На жаль, з тых часоў экспазіцыя не абнаўлялася. З усяго прадстаўленага студэнтаў зацікавіла толькі машына Я.Купалы, якая стаяла ў гаражы. І яшчэ – аповяды супрацоўнікаў музея з ўспамінаў жыхароў вёскі.

 

Вярнуўшыся ў Оршу, мы трапілі на сустрэчу з маладымі паэтамі, удзельнікамі літаратурнага конкурса «Плынь разняволеных пачуццяў», прысвечанага Уладзіміру Караткевічу. Але тут мы затрымаліся толькі на гадзінку. Нас чакала доўгая дарога дадому…

У назве выкарыстаны словы з верша У.Караткевіча «Мір гэтаму дому»