Музыка для душы ці… для кішэні?
Такое паведамленне вельмі моцна засмуціла гарадзенцаў. Традыцыя правядзення канцэртаў арганнай музыкі ў Фарным касцёле толькі пачала ўзнаўляцца пасля чатырох гадоў перапынку. Перапынак звязаны з пажарам у 2006 годзе, у часе якога арган быў моцна пашкоджаны. С
ёлета ўжо адбылося 4 канцэрты з удзелам беларускіх музыкаў і майстроў замежжа. І, раптам як снег на галаву навіна – канцэртаў больш не будзе! Я паспрабавала даведацца, ці сапраўды абласной філармоніі нявыгадна ладзіць такога кшталту мерапрыемствы.
Вольга Міхайлаўна Трусь, галоўны адміністратар філармоніі, адразу аспрэчыла думку, што канцэрты праводзіць нявыгадна.
– Сапраўды, шмат людзей увогуле не купляюць білеты і застаюцца на канцэрце пасля імшы, але не гэта галоўная прычына, – сказала Вольга Міхайлаўна. – Насамрэч мы не можам дагаварыцца з кс. Янам Кучынскім, пробашчам касцёла.
Дзіўна, падумала я. Якія перашкоды можа чыніць святар, які першапачаткова сам быў ініцыятарам правядзення канцэртаў арганнай музыкі ў катэдральнай базіліцы?
Аказалася, што праблемай з’яўляюцца грошы, дакладней, «прага нажывы» з боку супрацоўнікаў філармоніі. Першапачаткова філармонія нібы з барскага пляча аддавала 20% усіх заробленых сродкаў за канцэрт касцёла. А пасля «вялікія эканамісты» вырашылі, што 20% – гэта раскоша, хопіць і 10%.
Пры гэтым штомесяц касцёлу толькі за святло трэба заплаціць каля 1.000.000. Пасля канцэртаў бабцям 70-гадовага ўзросту трэба вымыць падлогу, ды і працы па рэстаўрацыі знішчанага алтара ніхто не адмяняў. Акрамя таго, немалыя сродкі ідуць непасрэдна на ўтрымане аргана ў працоўным стане. Філармонія толькі аднойчы дала на яго настройку 600 тысяч, але чамусьці не ўлічыла, што настройка патрабуецца пасля кожнага канцэрта.
Між тым, грошы дзеляцца так: касцёлу 900 тысяч, філармоніі – пяць мільёнаў, з якіх аплочваецца мастацтва музыкі (дарэчы, не ведаю ў якім памеры), некалькі «афішак» стандартнага памеру на цэнтральную частку горада (ці бачылі вы афішы дзе-небудзь у Вішняўцы?) і шэранькія білеты неверагоднага ўзору.
Я ўвогуле заўважыла, што арганізацыяй канцэртаў, пошукам і запрашэннем музыкаў наша філармонія займаецца мала, бессістэмна, з неахвотай. Белдзяржфілармонія сама дыктуе, хто і калі павінен прыехаць у Гродна. Канцэрты ў іх распісаныя далёка наперад, таму гродзенскаму «філіялу» толькі застаецца за некалькі тыдняў да самой падзеі паставіць пробашча перад фактам.
Вось і цяпер Белдзяржфілармонія спусціла зверху загад правесці перад Новым годам канцэрт К. Шарова, і мясцовыя адміністратары запанікавалі, як жа выканаць план «пяцілеткі»»?
– Ксёндз Кучынскі не дае згоды, але, думаю, мы неяк зможам яго пераканаць, – кажа спадарыня Трусь.
Сам пробашч Фарнага касцёла настроены рашуча і ніякіх агульных спраў з філармоніяй больш мець не хоча. Яго не задавальняюць такія адносіны з боку людзей «культуры».
– Буду спрабаваць самастойна запрашаць музыкаў і арганізоўваць канцэрты, – кажа кс. Ян. – Людзі дакладна будуць ведаць, што грошы за білеты застануцца ў святыні, а не ў чыёйсьці кішэні.
Дарэчы, інфармацыю пра тое, што філармонія збіраецца купіць свой арган, спадарыня Трусь падцвердзіла. Вось толькі цудоўную акустыку ды сцены намоленага храма, у якіх нават дыхаецца інакш, разам з арганам купіць не атрымаецца.