Вечарына ў гонар Максіма Багдановіча
Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. у Мінску ў сям’і настаўніка Адама Багдановіча і яго жонкі Марыі Багдановіч.
У чэрвені 1892 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна, дзе бацька атрымаў працу ў Сялянскім Пазямелльным банку.
Праз чатыры гады ад сухотаў памірае Марыя Багдановіч, пасля чаго сям’я перабіраецца ў Ніжні Ноўгарад, дзе Максім паступае ў гімназію.
Ва ўзросце 10-11 год юнак пачынае пісаць па-беларуску. У 1907-м г. у “Нашай Ніве” друкуецца яго першае апавяданне “Музыка”, а праз два гады – яго першыя вершы.
У 1912 г. газета “Наша ніва” надрукавала шэраг вершаў паэта, прысвечаных гісторыі Беларусі. А ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча “Вянок” (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: “Вянок на магілу С.А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)”.
У зборніку каля 100 вершаў, якія аб’яднаны па цыклах: “У зачарованым царстве”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая Беларусь”, “Места”; “Думы”, “Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны”.
Акрамя таго, Максім Багдановіч стварыў рукапісны зборнік паэзіі “Зеленя”, куды ён уключыў тры вершы на рускай мове (“Смех и говор”, “Прочтите с участьем правдивую эту”, “Сонет”) і 19 перакладаў сваіх жа беларускіх вершаў на рускую мову.
Восенню 1916 г., скончыўшы ў Яраслаўлі юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск. Тут ён працаваў сакратаром харчовага камітэта мінскай губернскай управы, адначасова займаўся справамі бежанцаў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, удзельнічаў у рабоце гурткоў моладзі.
У Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў. Ён хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў (“Маладзік”, “Пярсцёнак”, “Шыпшына”, “Полынь-трава”). Але здзейсніць гэтыя намеры не змог.
У канцы лютага 1917 г. з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і накіраваўся ў Крым. Аднак лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 г. у двадцаціпяцігадовым ўзросце Максім Багдановіч памёр ад сухотаў.
Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках.
У 1986 г. у Гродне быў створаны музей Максіма Багдановіча.
Сярод экспанатаў музея – асабістыя рэчы паэта, дакументы, пісьмы і іншыя рэчы сям’і Багдановічаў, прадметы побыту канца ХIХ-га – пачатку ХХ ст., пісьмовыя сведчанні грамадскага і літаратурнага жыцця таго часу, літаратурная спадчына паэтаў і празаікаў Гродзеншчыны – М.Васілька, А.Карпюка, В.Быкава, Л.Ялоўчык, Д.Бічэль, Ю.Голуба, А.Пяткевіча і інш.