Рыгор Кастусёў: відэаінтэрв’ю з кандыдатам у прэзідэнты
Кандыдат у прэзідэнты ад партыі БНФ тлумачыць, чаму ў яго няма палітычнага ідэала, распавядае, што найперш павінна рабіць жонка прэзідэнта і дзеліцца сваёй інтымнай лірыкай.
— Які ў вас ідэал палітычнага лідэра?
— Я ніколі ў жыцці не ствараў сабе ідэала, і таму палітычнага ідэала няма.
— Вашая ўлюбёная кніга?
— Таксама — няма адназначна такой адной кнігі, якую б я чытаў-перачытваў. Я чытаю ўсё, што трапляе мне ў рукі.
— А вашая любімая песня? Селі, задумалі і нешта пачалі міжволі мармытаць…
— Самая любімая песня — гэта “Магутны Божа”. Але калі яна гучыць у выкананні добрага ансамбля, магутнага. Як, напрыклад, яна гучала на фестывалі “Магутны Божа” ў Магілёве.
— У колькі разоў заробак прэзідэнта павінен перавышаць заробак выкладчыка, да прыкладу?
— Не нашмат. Не ў шмат разоў, дакладней. Натуральна, прэзідэнт павінен атрымліваць прыстойны заробак. Але і настаўнік павінен атрымліваць прыстойны заробак. Таму, што з настаўніка пачынаецца падрыхтоўка і прэзідэнта, і інжынера, і доктара, і рабочага, і дворніка.
— Як вы ставіцеся да сексуальных меншасцяў?
— Я да іх стаўлюся са шкадаваннем. Я лічу, што не варта выпінаць нейкія рэчы “на паказ”. Гэта я называю паказухай.
— Чаму вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?
— Яшчэ ў 2001 годзе мае калегі па працы, калі я працаваў у камунальнай гаспадарцы, казалі: “А чаму ты не вылучаешся ў якасці кандыдата ў прэзідэнты?”. Тады я, на жаль, сябе яшчэ крыху недаацэньваў, тады я лічыў, што ёсць іншыя людзі ў Партыі БНФ, ёсць кіраўніцтва, якое лепш ведае, як трэба рабіць. І, на жаль, тады я паверыў кіраўніцтву. Зараз паглядзеў, што я найбольш падрыхтаваны як чалавек, які здольны вылучацца ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, найбольш падрыхтаваны для працы прэзідэнтам — і таму я даў згоду на вылучэнне.
— Уявім, што на гэтых выбарах вам не ўдалося дамагчыся перамогі. На наступныя выбары ужо саспее па ўзросце для таго, каб пайсці на выбары, Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ. Саступіце яму?
— Так, калі Аляксей прыме рашэнне ўсё ж такі пайсці на выбары ў якасці кандыдата, я саступлю.
— Што вы людзям прапануеце? Калі паспрабаваць акрэсліць адным сказам?
— Калі кандыдат пачынае казаць людзям, што ён дасць ім тое, тое, тое, то я гэтага чалавека ўсур’ёз не ўспрымаю. Улада і прэзідэнт у тым ліку павінны стварыць умовы ў краіне для людзей, каб людзі змаглі зарабляць прыстойныя заробкі. І змаглі прыстойна жыць. Дакладней, дазволіць людзям рабіць усё тое, што не забаронена законам.
— Ці будзеце вы ўцягваць сваіх жонак у вялікую палітыку і ў якім выглядзе?
— У мяне адна жонка і мы з ёй жывем больш за 30 гадоў. Зразумела, што жонка павінна дапамагаць прэзідэнту ў той ступені, у якой яна можа дапамагаць. Але абавязкова яна павінна жыць з прэзідэнтам, сваім мужам. Гэта нармальна, гэта стандарт сусветны, гэта — стандарт сямейны. Гэта — нармальныя адносіны ў сям’і!
— Самой займацца палітыкай, як, да прыкладу, гэта рабіла жонка Клінтана, сваю жонку пусціце?
— Жонка прэзідэнта павінна мужу дапамагаць. Альбо займацца грамадскай дзейнасцю, альбо чымсьці іншым. Але яна павінна быць з мужам.
— Спадар Рыгор, ведаем, што вы не толькі граеце на музычным інструменце, і не на адным, але і пішаце вершы. Можа, прачытаеце што-небудзь?
— У час свайго арышту, толькі не памятаю якога — тады ў мяне было два арышты ў 2006 годзе — я напісаў верш, які я пісаў без аркуша паперы, без асадкі: іх не давалі. І таму ён застаўся ў галаве. Гэты верш я прысвяціў жонцы, прысвяціў яго нашай першай сустрэчы, якая была больш як 31 год таму.
Я сустрэўся з табой у белай квецені мая
Тады, як пялёсткі кружылі наўкол
Сарамліва, нясмела глядзеў табе ў вочы
Дакрануцца баяўся дрыготкай рукой
Не забыць мне ніколі тае майскае ночы
Як мы зоркі лічылі з табой удваіх
Калі я саграваў твае босыя ногі
Жарам вуснаў і рук разагрэтых сваіх
Хоць прайшло з той пары і нямала ўжо часу
Ды як сёння я помню той майскі наш дзень
Калі я сарамліва глядзеў табе ў вочы
Упершыню запрашаўшы на танец цябе
Калі я з захапленнем глядзеў табе ў вочы
Упершыню запрасіўшы на танец цябе.
З поўным тэкстам інтэрв’ю можна пазнаёміцца на старонцы ЕРБ.