Зянон Грахалеўскі: мы чакаем ад дзяржавы талерантнасці, а не дапамогі
У межах візіту прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі Ватыкана цэлебраваў імшу ў Фарным касцёле, акурат у 305-гадавіну кансэкрацыі гэтай святыні. Кс. Кардынал сустрэўся таксама з сёстрамі ў Пабрыгіцкім касцёле, наведаў Санктуарый у Капцёўцы.
У другі дзень свайго побыту кардынал Зянон Грахалеўскі сустрэўся з прафесурай універсітэтаў, журналістамі, святарамі іншых канфесій, а таксама з рэктарамі духоўных семінарый Беларусі і семінарыстамі. Сустрэча была прымеркавана да 20-годдзя Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі.
– Пяцьдзесят клірыкаў, якія зараз распазнаюць сваё пакліканне, з’яўляюцца выразным доказам таго, што сучасная моладзь у стане пачуць Хрыста, яго заклік “Пайдзі за мною”, – зазначыў рэктар семінарыі Юзаф Станеўскі.
Падчас канферэнцыі кардынал прачытаў рэферат на тэму “Навіна Хрыстовага святарства” і адказаў на пытанні прадстаўнікой СМІ. Разважаючы пра адносіны паміж уладай і касцёлам, кардынал падкрэсліў:
– Улада некампетэнтна ў справах рэлігіі. Мы чакаем ад яе талерантнасці, а не дапамогі. Дзяржава перш за ўсё павінна шанаваць правы сваіх грамадзян на свабоду веравызнання і не чыніць ніякіх перашкодаў для гэтага.
Пасля канферэнцыі кс. кардынал адправіў імшу для студэнтаў і моладзі ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі.
Візіт прадстаўніка Ватыкана закончыцца дыяканскім пасвячэннем ў гродзенскай катэдры 8 снежня.
Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі, якую прэзентуе кардынал Зянон Грахалеўскі — гэта ватыканскае ведамства, якое клапоціцца амаль пра 1000 каталіцкіх універсітэтаў, 150 тэалагічных факультэтаў, пра 3000 духоўных семінарый, тысячы каталіцкіх школ, у якіх навучаюцца каля 50 мільёнаў чалавек. Кангрэгацыю можна лічыць адным з найстарэйшых міністэрстваў у справах адукацыі ў свеце: ў 1588 г. папа Сыкст V заснаваў ведамства, якое апекавалася рымскімі ўніверсітэтамі.
alt=”Кардынал” >