Гарадзенскія габрэі адзначылі Свята Свечак

|

Гэта свята свечак, якія запальваюць кожны дзень у гонар цуду, які адбыўся пры асвячэнні Храма пасля перамогі войска Іегуды Макавея над войскамі цара Анціоха ў 164 годзе да нашай эры.

 

Свята пачынаецца 25-га чысла габрэйскага месяца кіслева і доўжыцца восем дзён (сёлета – з 2 да 9 снежня).

 

Упершыню за многія гады габрэі адсвяткавалі гэтую ўрачыстасць на вуліцы, побач з гарадскім домам культуры на вул. Дзяржынскага.

 

– Мы вельмі радыя, што наш горад не толькі дазваляе святкаваць гэтае свята, але яшчэ святкуе разам з намі – кажа Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай рэлігійнай суполкі ў Гродне.

 

Ганаровае права запаліць шамаш – самую галоўную свечку, атрымаў Ігар Папоў, загадчык аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў гарадзенскага аблвыканкаму. Дапамог яму зрабіць гэта равін Іцхак Кофман.

>

Потым удзельнікі свята накіраваліся ў гарадскі дом культуры на канцэрт Ізмаіла Капланова і гурта Шалом.

 

Пасля канцэрта пра ханукальныя традыцыі карэспандэнту “Твайго стылю” распавёў равін Іцхак Кофман.

 

– На свята прынята дарыць дзецям цацкі і даваць грошы. Аб даўніх падзеях нагадвае таксама гульня з ханукальным ваўчком, на кожнай з чатырох граняў якога напісана першая літара словаў з выказвання «Цуд вялікі быў тут» (калі справа адбываецца ў Ізраілі) альбо «Цуд вялікі быў там» (у дыяспары). Існуе таксама звычай есці стравы з алеем, такія як латкес (дранікі) і пончыкі.

 

Фота аўтара