Гарадзенскія габрэі адзначылі Свята святла

Свята пачынаецца 25-га чысла габрэйскага месяца «кіслева» і доўжыцца восем дзён, у гэтым годзе – з 2 па 9 снежня.

 

Упершыню за многія гады гарадзенскія габрэі адсвяткавалі Хануку на вуліцы, побач з Гарадскім домам культуры па вул. Дзяржынскага. «Мы вельмі радыя, што не толькі самі святкуем, але з намі святкуе і наш горад», – сказаў Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай рэлігійнай абшчыны ў Гродне.

>

Ганаровае права запаліць шамаш – самую галоўную свечку на свечніку – атрымаў Ігар Андрэевіч Папоў, загадчык аддзелу па пытаннях рэлігіі і нацыянальнасцяў аблвыканкаму, яму дапамагаў рабін Іцхак Кофман.

Затым былі вымаўленыя благаслаўленні, і прысутныя накіраваліся ў гарадскі Дом культуры на канцэрт Ізмаіла Капланава і групы «Шалом». У праграму канцэрту ўвайшлі агульнавядомыя габрэйскія песні і ханукальныя кампазіцыі.

 

Ханука лічыцца радасным сямейным святам, якое вельмі любяць дзеці. Яшчэ б! У гэты дзень прынята дарыць ім цацкі і даваць грошы. Аб даўніх падзеях нагадвае таксама гульня ў ханукальны ваўчок, на кожнай з чатырох граняў якога напісана першая літара слоў «Цуд вялікі быў тут» (калі справа адбываецца ў Ізраілі) або «Цуд вялікі быў там» (у дыяспары). Існуе таксама звычай есці стравы, прыгатаваныя на алеі – латкес (бліны) і пончыкі.