Дэлегат з’езду: «Без каментароў!»

Першае саспелае пытанне: «Хто і калі абіраў делегатаў?». Для таго, каб разабрацца з гэтым (і другімі цікавымі для мяне пытаннямі) аўтар вырашыла паразмаўляць з удзельнікам з’езду Аляксандрам Горным. Гэты малады чалавек вучыцца на пятым курсе факультэта гісторыі і сацыялогіі. Ён – стыпендыят прэзідэнцкага фонду, актыўна ўдзельнічае ў студэнцкім і навуковым жыцці; старшыня студэнцкага навуковага таварыства факультэта, а гэтак жа з’яўляецца адным з рэдактараў студэнцкага навуковага зборніка «Рэха мінуўшчыны». На пытанне, хто яго дэлегаваў на з’езд, адказаў, што высунула студэнцтва. Нават была названая лічба – семнаццаць тысяч чалавек. Але я таксама студэнтка і не памятаю каб я кагосьці выбірала.

 

Паколькі ўвесь верасень я адсутнічала, дапушчаю думку, што можа і прапусціла гэту падзею. Спытала ў аднакурснікаў са 100% наведвальнасцю, і высвятліла, што яны таксама нікога не абіралі і нічога не чулі з гэтай нагоды. Атрыманая інфармацыя мяне моцна здзівіла. Так хто ж высоўваў і абіраў дэлегатаў? Калі чытач ведае адказ, просьба – распавядзіце мне! Тым больш, і мой суразмоўца не растлумачыў якія «семнаццаць тысяч» яго вылучалі…

 

Усебеларускія з’езды па грандыёзнасці і зайздроснай рэгулярнасці, мне як гісторыку, нагадваюць… партз’езды ў СССР. Спадару Горнаму – нічога не нагадваюць. Яшчэ адно пытанне бударажыла мой розум: матэрыяльныя сродкі, выдаткаваныя на арганізацыю з’езду (мяркуючы па размаху) абыйшліся дзяржаве не ў пару мільёнаў. Калі ўжо так трэба паказаць нашыя дасягненні, то можна пра іх публікаваць звесткі ў СМІ. А матэрыяльныя сродкі, выдаткаваныя на арганізацыю з’езду, неяк больш рацыянальна выкарыстоўваць на вырашэнне некаторых чалавечых праблемаў – экалагічных, ці культурніцкіх. Гэтыя накірункі – у вечным заняпадзе…

 

Я разумею, што інтэрнэт – гэта вялікая звалка інфармацыі, але і сярод яе можна абраць праўдзівую і цікавую. Так, напрыклад, на вочы мне трапіў спіс падарункаў дэлегатам. «Святочны» набор павесяліў. Скарыстаўшыся прысутнасцю дэлегата, вырашыла праверыць: «У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што вам дарылі падарункі і нават падаваўся спіс – мікрахвалеўка «Гарызонт», гадзіннікі «Луч», пяць кніг ідэалагічна выверанай літаратуры… Спадабаліся прэзенты?». На што атрымала вельмі эмацыйны адказ: «Звычайныя падарункі! На ўсіх канферэнцыях дораць падарункі і гэта не выключэнне! Якая мікрахвалёўка?! Не было нічога такога! Гадзіннік як гадзіннік. Заўсёды такія падарункі дораць! Не было ідэйнай літаратуры, была статыстычная…».

 

На маё пытанне, як Аляксандр увогуле ставіцца да такіх мерапрыемстваў, нічога канкрэтнага не адказаў, абыйшоўся двума словамі: «Без каментароў!».

Фота http://www.ranak.by