Сустрэча з кандыдатам ці Пытанні за месца

З фрустрацыі мяне вывеў толькі гул апладысментаў. Дарэчы! Я ж на перадвыбарчай сустрэчы Някляева. Уладзімер Пракоф’евіч, бадзёра ўзляцеў на сцэну за трыбуну, змяніўшы такую любую майму сэрцу постаць Зміцера Вайцюшкевіча…

 

А гарадзенцы даволі масава віталі Някляева. Зала на 700 месцаў змяшчала прыблізна 500 чалавек. Нават улічваючы колькасць БРСМ-аўцаў і правакатараў, вынік, у цэлым, не благі.

 

Някляеў павітаў Гродна, адзначыў яго ўклад у гістарычную спадчыну Беларусі і адразу даў адказ на галоўнае пытанне гарадзенцаў: дзеля чаго паэту лезці ў палітыку? «Я прыйшоў, каб вы перамаглі, каб вы глытнулі волі! За што сення, я, беларускі паэт вымушаны разам з маім народам шукаць промень належнай нам праўды? Чаму яе няма? Як няма ў нас і свабоды. Улада – дзеля яе носьбітаў. Людзі жывуць з ужо звычайным дзеля беларусаў адчуваннем страху. Працаўнікі абмежаваныя кантрактамі, студэнцкая моладзь – шэрагамі ідэолагаў. Чаму я сутыкнуўся з такой колькасцю камянёў на маім перадвыбарчым шляху? Прыязджаю ў рэгіен на сустрэчы – няма людзей. Чаму? Таму што іх напалохалі, быццам, калі яны прыйдуць, то ім не працягнуць кантракт, і знойдзецца мноства жадаючых на іх месцы…

 

…Што мы маем? Дастаткова зірнуць на кволую сельскую гаспадарку. Я зараз не маю на ўвазе штучныя паказальныя калгасы, накшталт гарадзенскіх Верцялішак, якія прэзідэнт наведвае па ўжо наладжаным графіку з адмысловай перыядычнасцю. Я кажу пра сотні звычайных сярэднестатыстычных калгасаў, дзе жывуць па захаваным з савецкіх часоў прынцыпе: «все вокруг колхозное, все вокруг ничье!». У свой час Леонаў і Старавойтаў крычалі аб рэформах. Колькі ім яшчэ сядзець?

 

…Я ведаю вялікую колькасць людзей, якія проста не здолелі трымаць ціск рэжыму і самадурства ўлады, і вымушаныя былі пакінуць краіну і ўладкоўваць дабрабыт іншай дзяржавы. Але яны хочуць вярнуцца, хочуць працаваць на сваю радзіму. І вернуцца. Калі памяняецца ўлада».

 

Уладзімер Пракоф’евіч глытнуў гарачай гарбаты і пачаў адказваць на пытанні.

 

– Скажыце, ці будзеце вы даваць пенсіі, як наш прэзідэнт?

– Цікава, а хто вам сказаў, што пенсію дае прэзідэнт? Пенсію дае дзяржава і права на яе гарантуе канстытуцыя. А канстытуцыю я мяняць не збіраюся!


– Удакладніце, якім чынам вы знойдзеце сродкі на аднаўленне сельскай гаспадаркі, на павышэнне заробкаў, на падтрымку маладых сем’яў і на павышэнне нараджальнасці?

– Я ўжо казаў, але гатовы паўтарыць: у Беларусь ёсць сэнс укладаць грошы замежным інвестарам, мы будзем выкарыстоўваць наш багаты інтэлектуальны патэнцыял, мы вернем у краіну спецыялістаў. Успомніце пра Фінляндыю? Што з ей было, пакуль фіны не прыдумалі Nokia? Дарэчы, дзеючы прэзідэнт выкарыстоўвае штогод на сябе 400 мільенаў даляраў. Ужо скасаваўшы гэты пункт бюджэту, можна паправіць становішча. І я не збіраюся вазіць нафту з Венесуэлы. У мяне дзеля гэтага няма тачкі.


– Зыходзячы з таго, што за подпіс вы плаіцілі па даляру, то толькі на подпісы вы выдаткавалі 250 тысяч даляраў. Дзе вы ўзялі гэтыя грошы?

Някляеў усміхнуўся:

– Мілая, прыгожая дзяўчына, добра ж вас падрыхтавалі. Скажыце, вы бачылі гэтыя грошы? Вы прысутнічалі ў момант, калі я іх даваў маім людзям? Трэба было спытаць, мабыць, яны б з вамі падзяліліся.


– А ў мяне прапанова! Тут 500 чалавек. Кожны з нас раскажа хоць бы аднаму знаёмаму, а той яшчэ – знаёмаму. І вось вам – 50 000 людзей на «Плошчы»!

– Добрая ў вас матэматыка! – Усміхаецца Някляеў. –Усё, нарэшце, там і вырашыцца, тым болей, што ніякага другога туру не будзе. Ня бойцеся! Я не заклікаю вас да Кіеўскага Майдану!

 

– Скажыце, а вы чалавек Федуты і Процькі?

– На гэтае пытанне я заўсёды адказваю наступным чынам: Федута не мой бацька, а Процька не мая маці.

 

– А вы любіце гуляць у хакей?

– Не. Я люблю футбол. Не бойцеся, я не збіраюся махаць клюшкаю, баронячы сваю ўладу. І люблю я яе многа менш, чым Рамэа Джульету.

 

Зала ўзарвалася смехам і апладысментамі. І на гэтым узрушаным фоне на сцэне з’явіўся сапраўдны ды-джэй беларускага адраджэння Зміцер Вайцюшкевіч. Потым яшчэ доўга раздавалі аўтографы, падпісвалі кнігі і фатаграфаваліся. Але галоўныя словы былі ўжо сказаны.