Беларуская асацыяцыя журналістаў пратэстуе супраць затрыманняў журналістаў
У заяве, прынятай праўленнем арганізацыі, гаворыцца:
“Праваахоўнікі жорстка збілі нашых калег, пашкодзілі і аднялі іх прафесійную апаратуру, не зважаючы на сапраўдныя журналісцкія пасведчанні. Пры гэтым пацярпелі рэпарцёры беларускіх СМІ і афіцыйна акрэдытаваныя ў краіне замежныя журналісты.
Пасля мірнай грамадзянскай акцыі на плошчы Незалежнасці ўвечары 19 снежня міліцыя затрымала шэраг журналістаў, якія асвятлялі ход падзеяў. І зноў супрацоўнікі праваахоўных органаў не зважалі на журналісцкія пасведчанні, груба і беспадстаўна парушаючы прафесійныя правы нашых калег на бесперашкоднае збіранне інфармацыі”.
Паводле інфармацыі ГА “БАЖ”, як мінімум 20 журналістаў былі затрыманыя, яшчэ столькі ж былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі.
На думку аўтараў заявы, “такім брутальным чынам улады краіны ў чарговы раз выказалі сваю абсалютную непавагу да базавых грамадзянскіх і прафесійных правоў”.
Кіраўніцтва асацыяцыі асудзіла таксама форму асвятлення вядучымі дзяржаўнымі электроннымі СМІ акцыі, якая адбылася ўвечары ў Мінску 19 снежня.
“Беларускае грамадства было абсалютна дэзінфармаваным наконт мэтаў гэтага мерапрыемства, колькасці ўдзельнікаў і іх дзеянняў, а таксама жорсткасці, з якой дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі падчас разгону мірнай акцыі” – гаворыцца ў заяве.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе неадкладнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту супраць журналістаў і перашкодаў для іх прафесійнай дзейнасці, а таксама прыцягнення ўсіх вінаватых да адказнасці.
Дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да журналістаў і ўдзельнікаў акцыі 19-га снежня асудзіла таксама Міжнародная федэрацыя журналістаў.
«Беларусь ніколі не дасягне статусу дэмакратычнай краіны, пакуль яна сістэматычна здзяйсняе гвалт у дачыненні да незалежных медыяў і свабодных журналістаў. Без свабоды прэсы дэмакратыя немагчымая», – заявіў генеральны сакратар гэтай арганізацыі Эйдан Уайт.
Фота Юліі Дарашкевіч, Наша Ніва