Плошча

|

Я нават не сумнявалася, што паеду. Мяне не трэба было запрашаць з трыбун або абяцаць мне цуды. Гэта было нават не пытанне, а заканамерны працяг маёй дзейнасці. Яшчэ напярэдадні, у пятніцу, ажыццявіла свой чарговы паход у дэканат, каб атрымаць яшчэ адну порцыю бруду. У дадатак я даведалася ад дэкана, што да яго заходзілі нейкія невядомыя людзі, якія абяцалі сачыць за маім знаходжаннем у Гародні ў бліжэйшы час. А калі мне ўсе ж такі пашчасціць пакінуць межы горада, то гэты факт маёй біяграфіі ні ў якім выпадку не застанецца незаўважным і адгукнецца ў маёй будучыні. Я сціснула зубы і кулакі і зачыніла дзверы з адваротнага боку.

>

Дарэчы, тым жа вечарам у інтэрнаце я заўважыла нарад міліцыі: на вахце, на маім паверсе, і заўсёды нехта стаяў пад вакном. Дзіўна, няўжо яны сапраўды думалі, што я палезу праз вакно з пятага паверха? Прыйшлося выязджаць з раніцы ў суботу. Ехалі аўтаспынам. Ноч ў Мінску на здымнай кватэры ў кампаніі аднадумцаў «Гавары праўду» пераканала ў верагоднасці перамогі на адсоткаў… семдзесят. У патаёмках душы я наіўна верыла у неадваротнасць абранага шляху і гатовая была стаяць хоць тыдзень. Гэтыя ўспаміны, як высветлілася потым, аказаліся самымі светлымі пасля «плошчы».

 

Вясёлка надзеяў, так квола заззяўшая на маім небасхіле, пафарбавалася трывожным адчуваннем непрадказальнасці будучага. Дзевятнаццатае снежня. Дзень. Час збірацца.

 

Першае, што я ўсвядоміла пасля пачатку маіх наведванняў масавых акцый пратэсту –трэба заўсёды добра выглядаць, каб пасля не было бясконца балюча за няўдалую выяву. Немагчыма прадказаць момант, калі трапіш у кадр… Ды і ўвогуле знешні выгляд – гэта візітоўка. Старанны макіяж. Менавіта з-за ягомы не трапілі на чыгуначны вакзал да моманта, калі на Кастрычніцкую плошчу пачалі выходзіць БХД, Малады Фронт і Мікалай Статкевіч з яго групай.

Палова восьмай. Выглядаем у натоўпе аднадумцаў і рушым разам з імі. Размаўляем па дарозе. Як высветлілася, хлопчыкам таксама ёсць што губляць – пяты курс БДУ. І без перамогі рэальна ніяк. Яны гатовыя касцьмі легчы на гэтай плошчы і ляжаць там тыдзень. Каб толькі на карысць. Каб толькі раз і назаўсёды…

 

Крочым далей. У часе руху да нас далучаецца ўсё больш людзей. Або мы далучаемся да іх? Гэта неістотна, галоўнае, што мы разам і нас многа. Трэба адзначыць адметны пазітыў натоўпу. Вочы гараць. Асобныя групы спяваюць «Магутны Божа», або «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». А я нязменна пракручваю ў галаве «Наш бел-чырвона-белы, свабодны, вольны, смелы…».

 

Цяжка прабірацца да будынка Прафсаюзаў. Уразіла колькасць людзей. Людзі стаялі нават на супрацьлеглым баку вуліцы і на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы, каля падземнага перахода. Нават лёд, так старанна заліты напярэдадні, быў не перашкодай, а хутчэй маленькай непрыемнасцю. Мы паўгадзіны прабіраліся да прыступкаў, дзе знаходзіліся кандыдаты і разгортваліся асноўныя падзеі. Нічога не было чуваць. Чаму без апаратуры? Прабіраемся далей, не губляючы надзеі ўсё ж такі пачуць. Далей – тры рады хлопцаў з аховы, якім загадана пускаць толькі прэсу. Знаходзім сярод журналістаў некалькіх добрых знаёмых… Карацей, мы на прыступках. Тут мяне заўважыў мой сябар з БелСату і наблізіў камеру да майго твару (недарэмна малявала макіяж!). Ужо потым я даведалася, што была прамая трансляцыя, і ў гэты момант на мяне глядзела мая мама, якая не ведала, дзе я, і ў надзеі даведацца пра мяне пайшла да суседзяў глядзець БелСат праз спадарожнік.

Нехта з кандыдатаў паведаміў праз рупар, што па дарозе да плошчы збілі Някляева, яго людзей і канфіскавалі гукаўзмацняльную апаратуру. Вось і адказ на пытанне, чаму так незвычайна ціха. Натоўп закрычаў. Потым агучылі словы Някляева, апошнія, перад тым, як яго адвезлі ў рэанімацыю: «Жыве Беларусь!».

 

Мы без лідэра… Адказнасць за кіраўніцтва «плошчай» цалкам лягла на плечы Саннікава, Рымашэўскага і Статкевіча. Кастусёў, Цярэшчанка і Раманчук прысутнічалі хутчэй для дэкарацыі. Яшчэ некалькі гучных лозунгаў натоўпу: тое што пачыналі мы, людзі на подступах да «плошчы» падхоплівалі ўжо напрыканцы. Пяцьдзесят тысяч як-ніяк!

 

Каля дзевяці гадзін. Цяжка сачыць за часам пры такой хуткай змене падзеяў. Падвязлі апаратуру. Рымашэўскі пачаў агучваць вынікі галасавання паводле незалежных назіральнікаў. Натоўпу хапіла пачуць, што па Мінску ў А.Лукашэнкі 20,8 адсоткаў. Мне падалося, што народ зрабіўся адным агульным неўтаймаваным гневам. З прыступкаў яшчэ нешта казалі пра стварэнне камісіі па справе фальсіфікацыі, пра незалежны ўрад з прысутных кандыдатаў…

 

Чаму мы рушылі да Дому Урада? Мабыць, нехта талковы накіраваў, ці першы інтуітыўна зроблены крок да высвятлення абставінаў падману накіраваў далейшы рух да спадарыні Ярмошынай? І вось мы ідзем, аб’яднаныя агульнай марай, кожны са сваёй крыўдай. І гэта адно з самых яскравых відовішчаў: як пяцідзесяцітысячны натоўп шпацыруе свабодна, смела, лёгка. Машыны, зразумела, спыняюцца, стаяць, кіроўцы ўсміхаюцца, пібікаюць і крычаць пра лысую гуму.

 

За некалькі дзесяткаў метраў ад Дому Урада нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія крычалі, каб мы вярталіся дамоў. Дзіўныя! Па дарозе яшчэ далучаліся людзі з толькі прыбыўшых цягнікой. І ніякія не падлеткі, а людзі рознага ўзросту! Апынулася, што ДАІ – абмежаваная і не ўсемагутная. Статкевіч павёў натоўп у абыход, каля Чырвонага касцёла.

 

Нарэшце стаім каля ўвахода да Дому Урада. Кандыдаты пра нешта раяцца паміж сабою. Святла ў будынку амаль няма. Толькі на другім паверсе – некалькі вокнаў запар. Было страшна. Палохаў пах улады і прадчуванне крыві. З натоўпу ўсё настойлівей і мацней даносяцца загады ў адрас Статкевіча: «Афіцэр, што мы стаім? Давай дзейнічаць!». Была нядрэнная прапанова зайсці ў будынак, дапамагчы Ярмошынай лічыць галасы, бо яна не ўмее.

 

І вось беларускія мірныя людзі стаяць на прыступках Дома Урада і ў адзін голас патрабуюць: Сыходзь! Зразумела, што ніхто не выйшаў. Мне цяпер падаецца, што ў будынку, акрамя АМАПу, наогул нікога не было. Ніхто не выйшаў, а тым часам нехта пачаў біць шкло ў дзвярах. Цяжка цяпер казаць, хто гэта быў, але экс-кандыдаты спрабавалі іх спыніць. Раманчука і Цярэшчанкі сярод іх ужо не было.

 

За шклом дасканала падрыхтаваліся да біцця, забарыкадаваліся шафамі, сталамі і АМАПам. Цікава, як яны маглі гэта прадугледзець? І вельмі доўга малодчыкаў, якія білі шкло, не спынялі сілавыя структуры. Сядзелі сабе там, быццам чакалі чаго… За ўвесь час ніадзін сілавік менавіта з будынка не вылез. Толькі калі дзверы амаль былі вынесены, сталі з’яўляцца АМАПаўцы і СПЕЦНАЗаўцы. І пачалося жудаснае. Іх рады былі бясконцыя. Было вельмі страшна. Самыя смелыя з нас пайшлі наперад, дзяўчат жа выцеснілі і загадалі знаходзіцца, як мага далей. Хлопчыкі вы мае адважныя, што і каму вы імкнуліся даказаць? Кандыдаты тым часам няспынна крычалі праз рупар: «Не чапайце міліцыю!», «Міліцыя з народам!». Гэтыя словы падхапіў натоўп. І… АМАП спыніўся. Натоўп залікаваў. Думалі – цуд!

Не… Перагрупіроўка сілаў! Стратэгія на «фарміраванне» людзей па сектарах для іх затрымання. АМАПАўцаў станавілася ўсё больш і больш! Падавалася, што пляцоўка поўніцца толькі людзьмі ў форме. Аглядзелася і зразумела, што знаходжуся ў акружэнні ў самым першым са створаных сектараў. Людзі са шчытамі і дубінкамі няспынна набліжаліся. Яны білі маіх сяброў у метры ад мяне. Я стаяла ашалелая, не магла паверыць сваім вачам і гатовая была кінуцца на гвалтаўнікоў сама, але мяне падхапілі пад рукі і панеслі нейкімі завулкамі да бліжэйшага прыпынку метро…

 

Больш за пяцьдзесят тысяч людзей на плошчы – гэта ўжо перамога. Такога ў Беларусі не было амаль 16 гадоў. Перамога пакуль не над рэжымам і хлуснёй. А перамога беларускай годнасці. «Плошча» не скончылася. Яна будзе нагадваць пра сябе шматлікімі палітвязнямі і рэхам у незалежных СМІ.

P.S. Я ніколі не забуду, як па праспекце ехаў інвалід, як дзяржаўныя псы-ахоўнікі білі жанчын і сталых, як бабуля са слязьмі на вачах крычала: «Падавіцеся сваім Бацькам!», як Рымашэўскі з крывёй на твары прасіў натоўп людзей не чапаць міліцыю…