Новыя правы кіроўцам выдадуць у Гродна ў лютым
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Максім Падбярэзкін падчас online канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
У міжраённым экзаменацыйным аддзеле (МРЭА) ДАІ Гродна паведамілі, што выдача новых пасведчанняў плануецца з лютага. Ёсць інфармацыя, што завезенае новае абсталяванне і супрацоўнікі МРЭА чакаюць указанняў.
Нагадаем, што тым кіроўцам, якія часта выязджаюць за мяжу на ўласным аўто, неабходна памяняць старое пасведчанне на новае да сакавіка 2011 года, бо за межамі Беларусі яно не будзе дзейнічаць. У сакавіку ўступаюць у сілу папраўкі да Канвенцыі пра дарожны рух, якая была заключаная еўрапейскімі краінамі ў Вене ў 1968 годзе. Згодна з дакументам, кіроўцы змогуць перасоўвацца па тэрыторыі краін-удзельніц з правамі новага ўзору. Да сакавіка выехаць у іншую краіну са старымі правамі можна будзе, маючы пры сабе натарыяльна завераны пераклад правоў на мову той дзяржавы, куды выязджае кіроўца. Грамадзяне, якія перамяшчаюцца ўнутры краіны, змогуць карыстацца старымі правамі і надалей.
Здымак з gaigrodno.by