Сяргей Астраўцоў: Справаздача з Готланда

| Без катэгорыі

Пісьменнік прадставіў напісаныя ім у Швецыі эсэ.

 

Сяргей Астраўцоў амаль месяц жыў і працаваў у Балтыйскім Цэнтры Пісьменнікаў і Перакладчыкаў, які месціцца ў горадзе Вісбю на выспе Готланд.

>

Пісьменнік распавёў, што перад паездкай ён падрыхтаваў усе патрэбныя матэрыялы для кнігі, якую ўжо даўно збіраўся напісаць, але у Гародні яму не хапала на гэта часу. У доме творчасці былі ўсе ўмовы для працы, кожны сам вызначаў расклад дня. Пісьменнік прачынаўся, чуў пяць удараў звона з касцельнай званіцы побач, рабіў сабе каву і пачынаў пісаць.

На Готландзе Сяргей Астраўцоў пачаў працу над сваім першым раманам.

 

– Раман – доўгае падарожжа, не ведаю, на цягніку, ці гэта нават караванны шлях, немагчыма прайсці яго хутка альбо паскорана.


Ніякага параўнання з тым, што ты пераляцеў над морам і выйшаў у Вісбю, дзе нават пашпарт не спыталі, – дзеліцца сваімі уражаннямі пісьменнік.

 

– Прычым, ты ніколі гэтага не рабіў, ты адкрываеш для сябе новы свет і не ведаеш, ці дойдзеш да канца, хаця табе вельмі хочацца абавязкова закончыць свой першы раман.

Калі не было настрою альбо натхнення, спадар Сяргей ездзіў на ровары альбо проста спацыраваў, фатаграфаваў краявіды, здымаў відэаролікі.

 

– Мне падабалася ў сонечныя дні прайсці ўздоўж мора і пасядзець на лаве каля Парахавой вежы, яна блізка ад мора і побач з ёю брама ў горад.


Гэта чатырохкутная вежа, вышынёю 25 метраў. Яе збудавалі ў сярэдзіне ХІІ стагодздзя і яна была адной з самых старых мураваных пабудоваў у Скандынавіі.

 

Пісьменнік падкрэсліў таксама, што для творцы востраў — месца ідэальнае, ды яшчэ ў горадзе за сценамі даўжынёй тры з паловай кіламэтры, як у Вісбю.

 

На творчай вечарыне Сяргей Астраўцоў прэзентаваў свае невялікія відэафільмы і слайд-шоу, дзякуючы каторым усе прысутныя змаглі вачамі пісьменніка паглядзець на мора, старыя гарадскія вулачкі, паслухаць званы катэдры Вісбю, шум ветру, які фаляваў шведскія сцягі з авечкамі і крыжамі.

 

Пісьменнік прачытаў таксама эсэ, напісаныя ў Швецыі.

 

– Я занатоўваў і здымаў усё, што было навокал мяне, – кажа спадар Сяргей, – для мяне як пісьменніка і журналіста было ўсё цікава.


На прыканцы сустрэчы Сяргей Астраўцоў падкрэсліў, што ў доме творчасці на Готландзе  дагэтуль давялося працаваць Святлане Алексіевіч, паэтцы Валерыі Куставай, а таксама Уладзіміру Някляеву – паэту, экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, які зараз знаходзіцца ў турме.

Паслухаць радыёрэпартаж з прэзентацыі можна паслухаць на радыё “Твой Стыль”.

Прачытаць некаторыя эсэ Сяргея Астраўцова можна ў прыкладзеным да гэтага артыкула файле.

 

Фота аўтара