Cамы доўгі мост у свеце – праз рачушку Ласасянку

Альбо, чаму ў нас Хрыстос нараджаецца два разы ў год і два разы ў год Ён уваскрасае? Усе гэтыя пытанні маюць адзін і той жа адказ – змена календара ў 16 ст. з юліанскага на грыгарыянскі. Але пачнем з пачатку.

 

Сістэма ўпарадкавання часу прыйшла да нас са Старажытнага Рыма ў 46 г. да н. э., дзякуючы рэформе Гая Юлія Цэзара. Просты ў сваёй аснове, юліанскі каляндар меў недакладнасць, якая павярнулася несупадзеннем сапраўднага вясновага раўнадзенства (поўні) з каляндарным. Гэта стварыла блытаніцу ў велікодных разліках і гаспадарчым жыцці насельніцтва.

 

Вырашэнне каляндарнай праблемы ўзяў на сябе папа Грыгорый 13. Ён у 1578 г. заклікаў да працы лепшых вучоных і некаторыя ўніверсітэты, даручыўшы ім «паправу» існуючай сістэмы адліку часу. Грыгарыянскі календар (названы так у гонар ініцыятара) зыходзіў ад каталіцкага асяроддзя, і толькі адно гэта зрабіла яго непрыдатным для прыняцця на пратэстанцкіх і праваслаўных землях.

 

Таму пераход на новы календар у свеце расцягнуўся на гады і стагоддзі. Адразу перайшлі на «папскі» летазлік усе каталіцкія краіны, у тым ліку і Рэч Паспалітая. Граматай Стэфана Баторыя ў 1583г. грыгарыянскі каляндар уводзіўся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

 

Прыняты ў каталіцкім асяроддзі, ён сустрэў рэзкі адпор праваслаўнага духавенства і насельніцтва, якія балюча паставіліся да спробы ламання традыцый. У 80 – 90-я гады 16 ст. новаўвядзенне выклікала сур’ёзныя «каляндарныя» канфлікты ў Полацку, Вільні, Львове, паколькі яно кранала рэлігійныя пачуцці і эканамічныя інтарэсы людзей.

 

Канфлікты, якія разгарнуліся пасля ўвядзення новага каляндара вымусілі караля РП Стэфана Баторыя дазволіць праваслаўным жыхарам карыстацца старым каляндаром у святкаванні святаў. Пасыпаліся скаргі, пайшлі разборы, «каляндарныя» беспарадкі не спыняліся. Адказам на гэтыя канфлікты з’явіўся дадатковы каралеўскі ўказ, каб ніхто не працаваў у дні свят і па новым, і па старым календарах.

 

Юліанскі каляндар яшчэ вяртаўся як афіцыйны каляндар на тэрыторыю Беларусі. А звязана гэта з тым, што наша зямля заўсёды з’яўлялася арэнай шматлікіх войнаў паміж праваслаўным усходам і каталіцкім захадам. У сувязі з тым, на чыім баку была перамога, у тым накірунку і мяняўся каляндар.

 

Змены ў летазлічэнні назіраліся ў кожным стагоддзі. Такая цікавая інфармацыя для гарадзенцаў: у 18 стагоддзі ў Гародні знаходзіўся самы доўгі мост у свеце! Мяжа апошняга падзела РП паміж Прусіяй і Расіяй праходзіла па Нёмане і маленькай рэчцы Ласасянка ў ваколіцах Гродна.Такім чынам складалася камічная сітуацыя.

 

Напрыклад, калі жыхарам горада трэба было перайсці мост (да сваякоў ці па справах) выходзіла так, што гэты пераход займаў 12 дзён, паколькі Прусія выкарыстоўвала грыгарыянскі каляндар, а Расія – юліянскі (розніца паміж календарамі дасягнула ў 18 ст. 12 дзён). Дзе яшчэ ёсць у свеце мост, па якім трэба ісці амаль два тыдні? Канчаткова грыгарыянскі каляндар на нашых землях усталяваўся ў пачатку 20-га стагоддзя.

 

Так, воляй гістарычных абставін беларускі народ аказаўся падзеленым на дзве часткі: адны жывуць па юліянскім, другія – па грыгарыянскім часаўспрыманні.