Два пажары – дзве ахвяры

|

Пажар здарыўся ўчора раніцай у дзевяціпавярховіку па вуліцы Курчатава.

Жыхары выклікалі выратавальнікаў у 9.30, калі на чацьвёртым паверсе загарэўся электрашчыток і ў доме знікла электрычнасць.


Праз 15 хвілін супрацоўнікі МНС пачалі тушыць вагонь і толькі тады стала заўважна, што полымя распаўсюджваецца з суседняй кватэры, дзверы якой гарачыя.

Ці ёсць у кватэры людзі ніхто не ведаў, звонку дзверы адчыніць не атрымалася.

Выратавальнікі трапілі ў кватэру праз балкон.

Памяшканне было настолькі задымленае, што толькі праз некалькі хвілін удалося адшукаць цела гаспадыні двухпакаёвай кватэры.

Жанчына, якая ў гэты час была дома адна, задыхнулася. У яе засталіся трое дзяцей.

 

Папярэдне прычынай пажара называюць кароткае замыканне.

Высветлілася, што гаспадары згарэўшай кватэры несанкцыянавана, з парушэннямі правілаў супрацьпажарнай бяспекі, падключылі да электрашчытка пральную машыну.

Канчатковыя высновы зробяць эксперты.

 

Замыканне электраправодкі стала таксама прычынай пажара ў вёсцы Петралевічы Слонімскага раёна.

Пакуль бацькі пілавалі дровы, у хаце без нагляду заставаліся гадавалая дачка і чатырохгадовы сын.

Пажар заўважылі суседзі, яны ж выклікалі выратавальнікаў.

Толькі тады агонь заўважылі гаспадары хаты.

Бацька паспеў выхапіць з вагню дзяўчынку.

Праз 7 хвілін, калі супрацоўнікі МНС прыбылі на месца, дом быў цалкам ахоплены полымем.

Цела хлопчыка выратавальнікі знайшлі на ложку.

 

Трагедыю можна было б прадухіліць, калі б бацькі раней заўважылі агонь, але на момант пажара абое былі моцна пьяныя.