У Гродна праходзіць фотаконкурс “Нашы птушкі-2011”
Падобны конкурс праходзіць ужо шосты раз. Звычайна на фотаспабор у сярэднім дасылаюцца 55-60 здымкаў, сярод якіх вылучаюць пераможцаў.
Як паведаміў старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзмітрый Вінчэўскі, галоўная мэта конкурсу – паказаць як мага большай колькасці людзей прыгажосць дзікіх птушак, якія насяляюць Гарадзеншчыну.
26 лютага гэтага года ў гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага пройдзе канферэнцыя, падчас якой будзе адкрытая фотавыстава конкурсных работ. Традыцыйна кожны з прысутных зможа выбраць 5 найлепшых здымкаў на свой густ, выстаўляючы здымкам балы – ад 1 да 5.
“Пасля падліку ўсіх балаў на канферэнцыі будуць абвешчаны тры найлепшыя фотаработы, аўтары якіх атрымаюць каштоўныя прызы. Першае месца, акрамя іншага, атрымае спецыяльны прыз ручной працы, “ – падкрэсліў Дзмітрый Вінчэўскі.
Найлепшыя 40-45 здымкаў будуць выстаўляцца на фотавыставах у розных навучальных установах і бібліятэках па ўсёй Гарадзеншчыне на працягу года. Падобныя выставы штогод наведваюць тысячы гледачоў.
“Удзельнікі конкурсу па сканчэнні “гадавога турнэ” звычайна дараць свае работы навучальным установам і бібліятэкам, у якіх праводзіліся выставы,” – дадаў Дзмітрый Вінчэўскі.
Па ўмовах конкурсу, надрукаваныя здымкі павінны мець 20х30 см або блізкія да гэтых памеры, на адваротным баку мець аўтарскую назву, імя і прозвішча, нумар мабільнага тэлефона і паштовы адрас аўтара.
У конкурсе не змогуць удзельнічаць працы, на якіх сфатаграфаваныя птушкі на гняздзе, гнёзды альбо птушаняты, а таксама тыя здымкі, для стварэння якіх быў выкарыстаны фотамантаж.
Здымкі трэба дасылаць на паштовы адрас: Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, а/с 197 Гродна 230023.
Электронныя арыгіналы фотаўдымкаў можна самастойна (пасля рэгістрацыі на сайце), альбо з дапамогай мадэратара Яўгена Сліжа дадаткова размясціць на сайце www.birdwatch.by .
Фота з ostrovets.by