Гарадзенскiя калядоўшчыкi накалядавлi трох чалавек

| Без катэгорыі

Традыцыя Гарадзенскіх беларускіх калядаў у межах новага беларускага горада была адноўлена ў сярэдзіне 80-х гадоў сябрамі легендарнага сёння Гродзенскага гісторыка-культурнага клубу “Паходня”.

Па словах кіраўніка “Паходні” Міколы Таранды, першыя арганізаваныя беларускія калядаванні ў Горадні адбыліся на праваслаўныя коляды ў 87-м годзе. У наступныя два гады калядаваць хадзілі ўжо і на каталіцкія і на праваслаўныя святы. Паколькі я сам прымаў удзел у тых калядаваннях, якія былі першымі ў маім жыцці, то добра памятаю, як развучвалі песні і выпраўляліся па людзях. Аніякіх касцюмаў мы ня мелі, а адзінае, што нас вылучала – гэта зробленая з каляровага картона васьміканцовая зорка.

У асноўным наведвалі сябраў “Паходні” ці знаёмых калядоўшчыкаў. Але заходзілі і ў выпадковыя кватэры. Добра запомнілася адна сям’я зусім незнаёмых нам людзей. Да іх мы завіталі, здаецца, на другі дзень калядаванняў, і трапілі проста за стол. У той вечар нашае калядаванне, а гэта, здаецца, была толькі трэцяя хата, так і скончылася ў гаспадароў, якія вельмі хацелі паслухаць беларускія песні. І пасля небагатага арсеналу ў тыя часы калядоўных песняў, мы праспявалі ўсё, што ведалі – пачынаючы ад “Зоркі Венеры” Максіма Багдановіча да “Магутны Божа” і “У гушчарах, затканых імглою”. Больш нікуды мы не былі здольныя ісці.

Сёлетняе свята вызначаецца новымі людзьмі, колькасцю кватэраў і хатаў, якія былі пройдзеныя. А галоўнае – якасцю касцюмаў і выканання святочных спеваў. У адрозненні ад калядаванняў 80-х, сёння калядоўшчыкі збіраюць даволі прыстойны мех прадуктаў.