ВІКТАР НІКАЛАЙЧУК: СТРАЛЬБА ПАКОРНАЯ ЎСІМ УЗРОСТАМ

|

Віктар Нікалайчук – новаспечаны суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, без пяці хвілін дырэктар ДЮСШ, дырэктар стралковага комплекса «Азот» – паведаміць нам сёння пра сваё «дзецішча».

– Віктар Рыгоравіч, спартыўны комплекс «Азот» – самае вялікае на сённяшні дзень і аснашчанае стралковае збудаванне ў Гродна, на базе якога праводзіцца большасць абласных спаборніцтваў. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, што змяшчаюць у сабе словы «вялікае» і «аснашчанае».

– Наш комплекс функцыянуе ўжо больш за 23 гады. Акрамя 2-х ціраў (25 і 50 м), у будынку ёсць зброевая майстэрня, душавыя, пакоі для адпачынку, прасторная зала з канапай, тэлевізарам, тэнісным і більярдным сталамі. З 1996 г. спартсмены маюць магчымасць трэніравацца на электронным абсталяванні сусветна вядомай швейцарскай фірмы «Аскор», набыццё якой яшчэ нядаўна магла сабе дазволіць нават не кожная краіна. Зараз менавіта на такіх устаноўках праходзяць усе міжнародныя спаборніцтвы. Прыкладна з гэтага ж часу СК «Азот» з’яўляецца адной з асноўных баз нацыянальнай каманды Беларусі і галоўным месцам правядзення большасці абласных і часткі рэспубліканскіх спаборніцтваў. ІІ Этап Кубка Беларусі, які плануецца на пачатак сакавіка, адбудзецца менавіта тут (заўв. – аўт.) 3 гады таму ў будынку праводзілася рэканструкцыя: змянілі інтэр’ер, абнавілі столь, сцены, устанавілі новую сістэму электраасвятлення, якая адпавядае міжнародным стандартам для правядзення спаборніцтваў…

align=none alt=”Стралковае збудаванне” sub=”Стралковае збудаванне”>

 

– Ці значыць гэта, што хутка тут будуць праходзіць міжнародныя спаборніцтвы? – Не! (смяецца). Для арганізацыі афіцыйных стартаў высокага ўзроуню патрэбна новае абсталяванне і ў значна большай колькасці, чым мы валодаем зараз. Да таго ж інфраструктура самога гораду не дазваляе прымаць вялікую колькасць гасцей з іншых краінаў адначасова. Праўда, некалькі гадоў запар мы прымалі у сябе польскіх спартсменаў з Беластоку ў рамках міжнароднага турніра, прысвечанага памяці С.Прытыцкага. Але гэта невялічкі камерцыйны моладзевы турнір.

– З 2-га лютага вы ўступаеце ў паўнамоцтвы дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пры прафсаюзе ААТ «Гродна «Азот». Будзеце нешта мяняць? – Думаю, у нейкіх кардынальных зменах сэнсу няма. Трэніровачны і выхаваўчы працэсы, на мой погляд, арганізаваны выдатна. Пра гэта гавораць штогадовыя высокія вынікі выступлення нашых спартсменаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ужо 5 год запар наша школа атрымлівае кубкі за першыя месцы на рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ. Гэта, безумоўна, вялікі плюс – як самім спартсменам і іх трэнерам, так і кіраўніцтву. Маеш вартыя поспехі – атрымліваеш і сродкі на далейшае развіццё.

– Наконт сродкаў… Напэўна, на ўтрыманне такога комплекса сродкі патрэбныя не малыя? Ходзяць чуткі, што гэта можа стаць асноўнай прычынай закрыцця ДЮСШ?

– Ваша праўда, комплекс знаходзіцца на балансе ААТ «Гродна «Азот», школа замацавана за прафсаюзамі працоўных таго ж прадпрыемства. Ужо 6 год усё гэта спрабуюць перадаць ва ўласнасць горада, што зараз адбываецца і з дзіцячымі садкамі, бальніцамі і іншымі ведамаснымі ўстановамі, фінансавыя патрэбы якіх забяспечвала прадпрыемства. Але гораду такая адказнасць таксама не патрэбная. Такім чынам, на цяперашні момант наша існаванне і ўмовы развіцця цалкам залежаць ад становішча, у якім знаходзіцца галоўнае прадпрыемства гораду. На пачатак бягучага году фінансаванне практычна зведзена да нуля, усе набыткі замарожаны… Але пра закрыццё комлекса ці школы размовы ніколі не ішло і зараз не вядзецца!

– Мы ведаем, што ваша школа мае добра наладжаныя кантакты з рознымі замежнымі стралковымі клубамі. Больш таго, Вы асабіста рэгулярна суправаджаеце сваіх спартсменаў на шматлікія міжнародныя турніры ў Літве і Польшчы, адкуль яны з года ў год прывозяць амаль не поўны камплект медалеў і кубкаў.

– Для маладых спартсменаў удзел у такіх спаборніцтвах вельмі карысны. Гэта яшчэ не афіцыйныя міжнародныя старты, але ўжо і не проста рэспубліканскія спаборніцтвы. Дзеці адчуваюць адказнасць і ў той жа час уласную вартасць, што вельмі важна для асабістага развіцця будучых чэмпіёнаў. Дарэчы, некаторыя з такіх турніраў паступова набываюць узровень, які дазваляе выконваць на іх нарматывы майстра спорту міжнароднага класа. Так, зараз адбываеца збор дакументаў, каб прысудзіць гэта ганаровае званне «азотаўскай» вінтовачніцы Дробышавай Кацярыне, якая ў лістападзе 2008 г. паказала высокі рэзультат на міжнародным турніры па стральбе з пнеўматычнай зброі ў Беластоку.

– А як арганізаваны для вучняў спартыўнай школы адпачынак? Ведаю, што значная колькасць дзяцей нават знарок імкнецца запісацца ў секцыю бліжэй да лета, проста каб трапіць у прышкольны лагер. А легенды пра незвычайныя турыстычныя паходы ходзяць з пакалення ў пакаленне…

– Спартыўны лагер працуе пры школе ў пачатку лета. Там дзеці атрымліваюць 2-хразовае харчаванне і маюць магчымасць трэніравацца. Акрамя таго, мы арганізоўваем экскурсіі, наведваем заапарк, аквапарк, кіно і г.д. Падчас змены прыкладна на 2-3 дні старэйшыя дзеці разам з трэнерамі ходзяць у паход, часцей за ўсё на базу паруснага спорта, што каля в.Азёры. Уражанняў пасля такой насычанай праграмы хапае на увесь год. Таксама кожны год набіраеца група для адпачынку на Чорным моры.

– Штодзень цір наведвае больш за паўтары сотні чалавек: трэнераў, дзяцей і ўжо сталых спартсменаў. А стандартная трэніроўка доўжыцца ў сярэднім 2 гадзіны… Як гэта магчыма?

– Трэніроўкі праходзяць з 8 да 19-20 гадзін. Акрамя вучняў ДЮСШ «Азот», цір зараз наведваюць таксама спартсмены Школы вышэйшага спартыўнага майстэрства і СДЮШАР «Дынама», база якой зараз знаходзіцца у стане рэканструкцыі. Нічога, месца хапае ўсім.

– Думаю, кожнага, хто калі-небудзь што-небудзь чытае або чуе пра поспехі прафесійных спартсменаў, цікавіць адно пытанне: ці можна чалавеку, які не звязаны с канкрэтным відам спорта прыйсці і паспрабаваць сябе ў якасці, скажам, стралка?

– Такую магчымасць сёння маюць усе супрацоўнікі прадпрыемства «Гродна «Азот». Каб трапіць на першую трэніроўку і атрымаць пачатковыя веды ў стральбе з пісталета ці вінтоўкі, дастаткова сабраць групу жадаючых і звярнуцца з заяўкай да намесніка цэха.

– Традыцыі савецкай сістэмы, каля страляць умелі практычна ўсе – ад школьніка да працоўнага – адраджаюцца?

 

– Так. Сярод працоўных завода праводзіцца круглагадовая спартакіяда, а таксама першынствы сярод мужчын і жанчын, прысвечаныя 23 лютага і 8 сакавіка.

– Але ж такі спорт усё ж лічыцца аматарскім… І хоць кажуць, што стральба – гэта спорт на усё жыццё і ўзрост для сусветных перамог не перашкода, у спартыўныя секцыі набіраюць у асноўным дзяцей 12-14-гадовага ўзросту…

– Тут усё залежыць не столькі ад фізіялагічных паказчыкаў, колькі ад жадання і якасцяў характара. У нас быў выпадак, калі 30-гадовая жанчына, якая да таго моманту да стральбы ніякага дачынення не мела, захацела пачаць трэніравацца. Нарматыў майстра спорту яна выканала… за год. Увогуле, у кожнага – спартсмен гэта ці трэнер – павінна быць свая мэта. Трэба імкнуцца да піку перамог, а я ў сваю чаргу, жадаю ўсім праявіць пры гэтым свае лепшыя якасці, як чалавечыя, так і спартыўныя! – Дзякуй за суразмову!