Апазіцыйны Саюз палякаў спадзяецца на дапамогу прэзідэнта Польшчы
Рада арганізацыі звяртаецца да прэзідэнта з просьбай зрабіць захады для спынення рэпрэсій супраць Саюза палякаў і вызвалення старшыні Галоўнай рады арганізацыі Андрэя Пачобута.
“Незаконнае пазбаўленне волі Андрэя Пачобута, а таксама рэпрэсіі супраць іншых сябраў Саюза Палякаў на Беларусі (сярод іх Яраслаў Раманчук, Артур Раманчук, Андрэй Парэцкі, Аляксей Салей і інш.), – толькі адзін з элементаў ціску з боку беларускіх спецслужбаў.
Існуе рэальная пагроза, што на 15-дзённым арышце Пачобута ўлады Беларусі не спыняцца,” – гаворыцца ў звароце, тэкст якога змешчаны на сайце СПБ.
Выконваючая абавязкі старшыні арганізацыі Анжаліка Арэхва:
– Хочам, каб прэзідэнт адрэагаваў неяк на затрыманне Пачобута, а таксама на рэпрэсіі супраць СПБ.
Не можам нічога вымагаць, але будзем чакаць, якія крокі з боку прэзідэнта будуць.
Карэспандэнт “Gazety Wyborczej” Андрэй Пачобут з 11 лютага адбывае пятнаццаць сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэста ў Мінску 19 снежня, дзе ён прысутнічаў у якасьці журналіста.
Справа Пачобута разглядалася двойчы: спачатку журналіста аштрафавалі на 1 мільён 750 тысяч рублёў, але пракуратура накіравала справу на новы разгляд, у выніку чаго журналіст пакараны 15 суткамі арышту.
На фота: журналіст Андрэй Пачобут