Жонку Алеся Кіркевіча затрымалі з улёткамі “Свабоду Кіркевічу!”
Пра падрабязнасці “Твайму стылю” распавяла Надзея Крапівіна, якую толькі што вызвалілі з пастарунку:
– Як я зразумела, адзін з міліцэйскіх патрулёў заўважыў на нейкай тумбе налепку (мы да яе дачынення ня маем).
Тады 7 ці 8 патрулёў накіравалі ў цэнтр на пошук тых, хто гэта зрабіў. Нас затрымаў патруль, які ехаў з Дзевятоўкі.
Пасля затрымання адразу паехалі да мяне дамоў на дагляд.
Там канфіскавалі ноўтбук, улёткі, некалькі дыскаў, і мяне адвезлі ў пастарунак.
Да Веранікі ў хату не трапілі, яна не змагла адчыніць дзверы, і таму яшчэ паўдні мы сядзелі ў пастарунку, пакуль яны атрымалі дазвол на вобшук. Цяпер да Веранікі паехалі з вобшукам, а мяне адпусцілі.
Справа дзяўчын будзе накіраваная на разгляд адміністратыўнай камісіі.
Надзея Крапівіна, якая вучыцца ў Любліне, заўтра збіралася ехаць у Польшчу, але цяпер застанецца ў Беларусі да разгляду справы.
Муж Надзеі, гродзенец Алесь Кіркевіч, утрымліваецца ў ізалятары КДБ у якасці падазраванага ў актыўным удзеле ў акцыі 19 снежня ў Мінску.
У ноч з суботы на нядзелю ў Гродне, таксама ў 3 гадзіны ночы, каля помніка Леніна, на якім было графіці «Луку на муку», затрымалі студэнтак медуніверсітэту Кацярыну Герасімчык і Вольгу Багданкевіч.
У дзяўчын таксама знайшлі налепкі «Свабоду Кіркевічу», «Свабоду Някляеву» і пасля вобшуку ў іх пакоях у студэнцкім інтэрнаце адпусцілі, папярэдзіўшы, што днямі выклічуць у міліцыю.
На фота: у пазамінулым годзе Надзею Крапівіну затрымлівалі за абарону абарону ад знішчэння каштоўных гродзенскіх дрэваў.
Фота з сайта http://bas.racyja.com