Сведкі паставілі кропку ў справе зніклых у Румлёва хлопца і дзяўчыны
14-гадовыя падлеткі ўвечары 11 студзеня, калі знаёмыя праз інтэрнэт 15-гадовая Ганна і 22-гадовы Дзяніс гулялі ў Румлёўскім парку, распавялі, як спрабавалі ўратаваць чалавека.
Падлеткі сведчаць, што хлопец, які тануў, вельмі падобны на Дзяніса. Прыкметы аддзення таксама супадаюць.
Як паведаміў “ТС” начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама Г.Еўчар, хлопчыкі распавялі, як спрабавалі ратаваць чалавека, якога несла ўздоўж берага, кідалі яму палку, але знясілены хлопец не здолеў скарыстацца дапамогай і знік у вадзе.
Яшчэ адзін сведка – мужчына, з якім міліцыя працавала ад самага пачатку, бачыў трагедыю з моста.
Ён паведаміў, што бачыў двух чалавек у Нёмане, але дзяўчына патанула вельмі хутка, а хлопец яшчэ нейкі час трымаўся на вадзе і клікаў на дапамогу.
Пакуль мужчына збег на бераг, ратаваць ужо не было каго.
На беразе міліцыя не знайшла ніякіх слядоў барацьбы, крыві, рэчаў пацярпелых, таму асноўнай версіяй быў і застаецца няшчасны выпадак.
Тым часам інтэрнэт поўніўся самымі неверагоднымі чуткамі.
Целаў патанулых знайсці пакуль не ўдалося.
З-за моцных маразоў іх пошук прыпынены, але, ўвесну працягнецца.