Споведзь праз тэлефон
Рашэнне амерыканскіх рымска-каталіцкіх ксяндзоў даць згоду на спавяданне вернікаў з дапамогай электроннай праграмы “Споведзь” выклікала бурную рэакцыю ва ўсім свеце.
Праграма “Споведзь”, якая базуецца на тэхналогіях iPad, iPhone i iPodTouch, каштуе два даляры і дазваляе вернікам спавядацца Богу без прысутнасці святара. Яе стваральнікам з’яўляецца кампанія Little iApps.
Паводле слоў распрацоўшчыкаў, у стварэнні праграмы ім дапамагалі святары з Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША і іншых рэлігійных арганізацый.
“Ці прысвячаеш час Богу ў паўсядзённай малітве?”, “Ці ты калі-небудзь прымаў удзел у акультных практыках?”- вось некаторыя пытанні, якія праграма задае пакутнікам.
Калі грэх быў здзейснены, трэба проста клікнуць на адпаведную клавішу.
Акрамя таго, у карыстальніка ёсць магчымасць рэгуляваць настройкі дадатку. Такім чынам, пытанні “споведзі” будуць рознымі для людзей розных полаў, узростаў і сямейнага становішча.
– Мы хочам заахвоціць каталікоў паглыбіць сваю веру з дапамогай лічбавых тэхналогій, – тлумачыць Патрык Лэйнэн, адзін з распрацоўшчыкаў дадатку. Лэйнэн таксама патлумачыў, што да стварэння праграмы яго натхнілі словы Бенедыкта XVI, які падкрэсліў важнасць прысутнасці хрысціянства ў сучасным лічбавым свеце.
Ватыкан, аднак, ініцыятыву амерыканскіх святароў не падтрымаў. Паводле слоў кіраўніка прэс-службы Ватыкана Федэрыка Ламбардзі, неабходна разумець, што споведзь прадугледжвае гутарку паміж тым, хто спавядаецца, і яго духоўнікам. Ламбардзі падкрэсліў, што вернікам ні пры якіх абставінах не дазваляецца спавядацца праз iPhone.
Сітуацыю пракаментаваў адзін з гарадзенскіх святароў – кс. Павел Салабуда:
align=”left” >На сённяшні дзень касцёл не адварочваецца ад новых вынаходніцтваў, якія з’яўляюцца ў свеце.
Папа Рымскі вельмі часта падкрэслівае, што трэба іх выкарыстоўваць, каб несці духоўнасць у сённяшні свет, у новае пакаленне, для маладых людзей.
Але ўсяму існуюць свае разумныя межы: споведзь або св. імша праз інтэрнэт альбо тэлефон не перададуць той глыбіні духоўнасці, якая прысутнічае падчас кантакту чалавека з Богам.
Сакрамант Споведзі, які ўсталяваў Хрыстос, патрабуе асабістага кантакту, а праз інтэрнэт і тэлефон ён немагчымы.
Большасць з апытаных карэспандэнтам “Твайго стылю” гарадзенцаў таксама дастаткова адмоўна паставіліся да ідэі споведзі праз iPhone. Такое новаўвядзенне выклікала ў людзей смех. Нават моладзь, якая, здавалася б, выкарыстоўвае новыя тэхналогіі ва ўсіх сферах жыцця, перавагу аддае усё ж споведзі ў храме.
Ганна Жывушко, супрацоўніца рэдакцыі газеты “Слова Жыцця”:
– Гэта будзе не споведзь, а нейкая пародыя, бо сакрамант прадугледжвае размову чалавека са святаром непасрэдна твар у твар.
Аляксей Салей, фотакарэспандэнт газеты “Glos znad Niemna na uchodzstwie”:
– Я лічу, што гэта не вельмі добра. Павінен быць нейкі кантакт з касцёлам, трэба пранікнуцца самой атмасферай. А патэлефанаваць і “выспаведацца” можна ў любы час сябру і сяброўцы.
Вераніка, прыхажанка Фарнага касцёла:
-Як магчымасць падрыхтоўкі да споведзі можна выкарыстаць такую паслугу, бо некаторым людзям цяжка акрэсліваць свае грахі, аднак споведзь праз тэлефон у якасці асноўнага спосабу пакаяння я не прымаю.