Архіпелаг Беларусь альбо сфера беларускай музыкі
Адзін з яго стваральнікаў – сталы аўтар “Твайго стылю” Аляксей Шота.
-Блог “Archipelag Białoruś czyli strefa białoruskiej muzyki” гэта адзін з праектаў Беларускага Таварыства ў Кракаве, якое аб’ядноўвае студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў Ягелонскага Універсітэта, зацікаўленых беларускай тэматыкай – распавядае Аляксей.
-На каго разлічаны блог?
– На людзей, якія толькі пачынаюць цікавіцца Беларуссю, якія яшчэ не ведаюць, дзе і як адшукаць патрэбную інфармацыю. У сеціве няшмат даступнай палякам інфармацыі пра гурты, канцэрты, новыя альбомы, няма тлумачэнняў тэкстаў песен.
>
– Чаму вы абралі такую назву?
– Беларуская музыка для польскага чытача і слухача застаецца тэмай амаль што невядомай.
Нешматлікія паведамленні пра падзеі, звязаныя з беларускай музычнай прасторай, застаюцца раскіданымі ў акіяне сучаснай культуры выспачкамі.
Але мы ўпэўненыя, што на музычнай мапе свету ёсць месца Беларусі і месца гэтае далёка не апошняе.
Таму мы запрашаем польскіх (і не толькі) чытачоў у падарожжа па музычным “Архіпелагу Беларусь”, падчас якога пакрысе мы адкрыем багацце і разнастайнасць беларускай музыкі.
Назва блога, запазычаная ў выбітнага беларускага мысляра Валянціна Акудовіча, адлюстоўвае стан ведаў пра Беларусь за мяжой – яе раздробленасць, некансалідаванасць.
– Наколькі палякі цікавяцца беларускай музыкай, наведваюць канцэрты беларускіх выканаўцаў у Польшчы?
– Сёння ў Польшчы максімум, што вядома палякам з беларускай музыкі – гэта Н.Р.М., часам яшчэ некалькі вядомых старых гуртоў, Троіца, Стары Ольса, Ляпісы.
Але сёння ў нас ёсць шмат каманд, асабліва рускамоўных, на высокім узроўні, вельмі арыгінальных і самабытных, такіх як “Серебряная Свадьба”, ёсць сусветнага ўзроўню этна-джаз гурт Акана, пра якія, на жаль у Польшчы не ведаюць нічога – пра іх мы пішам на блогу.
Канцэрты беларускіх гуртоў у Польшчы вельмі часта асацыююцца ў наведнікаў з палітыкай – такі стэрэатып “забароненага” музыкі стварылі польскія СМІ ў апошнія гады.
Таму на канцэрты часта прыходзяць людзі, якія бачаць цэтлік “забаронена ў Беларусі”. Апошнім часам сітуацыя змяняецца і нас гэта цешыць. Бо музыка павінна прадавацца перадусім з-за сваіх музычных вартасцяў.
– А наколькі, з твайго пункту гледжання, беларусы ведаюць сучасную польскую музыку?
– Сітуацыя такая самая, як з палякамі – беларусы сёння не ведаюць фактычна нічога пра сучасную польскую музыку – пра гэта кажа хаця б невялікае зацікаўленне канцэртам супергурта Myslovitz у Мінску.
Польскія гурты не граюць у нас, бо вядома, што без падтрымкі якога-небудзь Польскага Інстытута канцэрт будзе стратным, ніхто не прыйдзе нават на зорак, калі не ведае іх музыкі.
Вельмі шкада, бо ў Польшчы ёсць гурты сусветнага ўзроўню: Hey, Lao Che, джазмэны Tomasz Stańko i Leszek Możdżer, маладыя гурты, такія як Pustki, людзі, якія эксперыментуюць з рэпам – L.U.C. i Fisz Emade – гэтыя назвы і імёны нічога ў нашай краіне нікому не кажуць, а павінны!
У нас максімум што ведаюць – гэта польскія гурты з 80-ых гадоў і некаторыя з іх сапраўды да сёння застаюцца непахіснымі глыбамі ў плане музычнай канцэпцыі – хаця б Republika – але з таго часу з’явілася шмат новага пра што беларусам проста сорамна не ведаць.
Адмысловых сайтаў, якія б папулярызавалі ў Беларусі польскую музыку няма – прынамсі я не бачыў.
Мабыць, беларусы пачуць актуальную (і тое не заўсёды) польскую музыку могуць толькі на Басовішчы.
– Хто займаецца напаўненнем вашага блогу?
– Гэтым займаюцца, па сутнасці, дзве асобы – я, ды Майя Зентара – аспірантка ў Інстытуце Рэгіянальных Даследванняў Ягелонскага Універсітэта, якая абараніла магістарскую працу на тэму сучаснай беларускай музыкі і цяпер піша кандыдацкую на гэтую ж тэму.
Таксама нам дапамагаюць іншыя сябры Беларускага Таварыства.
– Якія яшчэ творчыя задумы плануеце рэалізаваць?
– Збіраемся зрабіць блог яшчэ і на тэму падарожжаў па Беларусі.
Таксама для палякаў, з падставовай інфармацыяй: пачынаючы ад таго, як атрымаць беларускую візу і дзе тут лепей мяняць грошы ці есці. Такога кшталту інфармацыі палякам бракуе – ёсць толькі 2 падарожныя кніжкі (я больш не бачыў) і тыя кепскія.
Потым, сабраўшы адпаведную колькасць матэрыялаў, можна было б нават выдаць кнігу.