Гродзенцы правялі зіму
У мінулую суботу сцежка здароўя сустракала гасцей. Штогадовае свята праводзінаў зімы прайшло пад назвай “Зімовыя забавы”. Палову гадзіны людзі збіраліся пад гукі духавога аркестра ў лясным масіве “Пышкі”. Каля 11 гадзін адбылося ўрачыстае адкрыццё свята на галоўнай пляцоўцы танцавальнай сцэны.
Пасля гэтага вочы пачынаюць разбягацца ў розныя бакі. “Куды пайсці? Што паглядзець? Як усюды трапіць?” – галоўныя пытанні гасцей. Як аматарка мастацтва, я спачатку наведала горад майстроў. Металічныя штукі кавальскай справы не маглі пакінуць ніводнага госця абыякавым.
– Прыгожа, але надта дорага, – сказала адна жанчына. Аднак гэта прыгажосць патрабуе вялікай працы. Таксама была магчымасць набыць хусткі з прадзіва, рукавіцы і іншыя карысныя рэчы, якія спатрэбяцца ўзімку.
alt=”Іна Севярын” >
Увесь лес быў падзелены на зоны, якія складаліся з гэтак званых гарадкоў. Прадстаўнікамі алеі дзіцячай творчасці “Зімнія фантазіі” былі школы і дашкольныя ўстановы горада. Гледачам дзіцячыя садкі прэзентавалі творчыя працы пад назвай “Дзіцячы папяровы заапарк”.
Студэнцкі гарадок разважаў на тэму “Зімняя казка”. Весялосць, запал і смех чуўся з падворка купалаўскага ўніверсітэта, які размяшчаўся побач з жытлом Бабы-Ягі і Кашчэя Бессмяротнага.
На беразе ракі Нёман госці пабачылі паказальныя выступленні выратавальнікаў МНС, выступ клуба славянскага баявога мастацтва “Арыдан”.
Прыхільнікаў язды на конях чакалі побач з гандлёвым шапікам гродзенскага мясакамбіната, якому належыць “Гарадзенскі маёнтак” у Каробчыцах, дзе і прапануюць пакатацца на конях.
Асаблівай увагі заслугоўвае “Гарадзенская лыжня 2011”. Агульная колькасць удзельнікаў склала прыблізна 400 чалавек. Вынікі падводзіліся па 18 намінацыях. Сто дваццаць медалёў і кубкаў чакала сваіх пераможцаў. Чаму людзі ўдзельнічаюць у лыжні і як атрымалася ў пенсіянеркі Лідзіі Завіноўскай атрымаць адразу тры ўнагароды – слухайце ніжэй.
Чырвоны крыж распаўсюджваў лістоўкі з мерамі перасцяргогі захворвання на грып. Напрыканцы яркім экстрым-шоў стаў выступ “Гарадзенскіх маржэй”.
Пасля чаго ўсіх запрасілі на танцавальна-спартыўную “Пяціхвілінку” – “Здароўе ў нашых руках”.
Фота Іна Севярын, Цімафей Чупракоў