Польскі сейм асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі

Дыпламатычныя санкцыі для прадстаўнікоў улады і бясплатныя візы ды пашырэнне іншых магчымасцяў для грамадзян Беларусі.


Такія прапановы ўтрымліваюцца ў рэзалюцыі, якую 25 лютага прыняў сейм Польшчы.

 

Яшчэ днём раней праект рэзалюцыі ўхвалілі прадстаўнікі ўсіх парламенцкіх клубаў у сейме.

 

Нагодай для прыняцця гэтай заявы сталі масавыя арышты ўдзельнікаў акцыі 19 снежня ў Мінску.

 

Некаторыя з яе ўдзельнікаў “дагэтуль утрымліваюцца за кратамі ў нечалавечых умовах”.

 

Дэпутаты сейму выказваюцца за дыпламатычныя санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў і адначасова выказваюць сваю падтрымку прадстаўнікам беларускай грамадскай супольнасці:

 

– У гэтай драматычнай сітуацыі Сейм Польшчы запэўнівае ўсіх, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь у сваёй непахільнай салідарнасці і падтрымцы.


Ніколі не застанецеся адзінокімі ў сваёй барацьбе. Мы рашуча дамагаемся ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных і спынення палітычных рэпрэсій” – гаворыцца ў рэзалюцыі.

 

Яе аўтары заклікаюць таксама да стварэнне для грамадзян Беларусі “шырокага доступу да магчымасцяў, якія дае Еўразвяз” – свабоды падарожжаў, адкрыццё рынку працы, удзел у праграмах у галіне адукацыі, навукі і культуры.

 

Дэпутаты сейму заклікалі таксама іншыя краіны Еўразвязу прыняць рашэнне пра скасаванне аплаты за візы для беларускіх грамадзян.

 

Беларускі парламент ужо заявіў, што ацэнкі, якія ўтрымліваюцца ў рэзалюцыі, маюць тэндэнцыйны характар і накіраваныя на абвастрэнне беларуска-польскіх стасункаў.

 

Некалькімі днямі раней беларускія дэпутаты выступілі з ініцыятывай праверыць на адпаведнасць закону практыку выдачы беларускім грамадзянам “карты паляка”.

 

Фота: Sławomir Kamiński / Agencja Gazeta