Вільня: падарожжа ў мінулае

| Без катэгорыі

Ранішняя Вільня ўразіла сваёй цішынёй і спакоем.

 

Чуваць было толькі недзе далека званы ды свіст ветру, які заносіў снегам брук пад нагамі.

 

Вузенькія вуліцы старога горада вабілі сваёй таямнічасцю і настроем Сярэднявечча, якое захавалася тут у кожным кутку.

 

 

Маё маленькае падарожжа пачалося са старажытнай вуліцы Аўшрос варту, якая, разам з вуліцамі Пілес і Дзіджойі, насіла назву Вялікай Замкавай.

 

Вуліца пачыналася ад былой гарадской сцяны і вяла да Ратушы,касцёла Святога Казіміра і далей да Кафедральнай плошчы.

 

Цяпер на гэтых трох вуліцах знаходзяцца самыя выдатныя мясціны горада.

 

Тут побач з каталіцкімі касцеламі і праваслаўныя, і грэка-каталіцкія, і пратэстанцкія храмы, што не толькі надае гораду непаўторнасць, але сведчыць аб рэлігіёзнай цярпімасці

>

На вуліцы Дзіджойі знаходзіцца адзін з найпрыгажэйшых і старажытнейшых праваслаўных храмаў Вільні – царква святога Мікалая.

 

Далей ад яе месціцца яшчэ адзін вельмі цікавы, як мне падалося, будынак – Дом Франка, дзе, калі верыць гісторыкам, у час нашэсця французаў у 1812 годзе прыпыняўся інтэндант французкай арміі Анры Мары Бейль, знакаміты як пісьменнік Стэндаль.

 

Зараз у Доме Франка знаходзіцца французкі культурны цэнтр, а на першым паверсе – кніжная крама.

 

Крочу крыху далей – і вулачка пераходзіць ў вуліцу Пілес, знакамітую сваімі сувенірнымі лаўкамі, маленькімі і ўтульнымі кавярнямі, музеямі і галерэямі.

 

Гэта ўлюбёнае месца вулічных музыкаў і мастакоў.

 

Вуліца гэтая, як і ўсе вулачкі Старога горада, зліваецца з Кафедральнай плошчай ў падножжа Замкавай гары, на вяршыні якой захавалася вежа Гедыміна.

 

У вежы дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада.

 

Але мяне тут найбольш уразіла аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца дзіўная панарама Старога горада і даліны ракі Віліі.

 

 

Заснаваны некалі на месцы злучэння рэчак Віліі і Нерыс, Стары горад фарміраваўся шмат стагодзяў і аб’яднаў у сабе мноства архітэктурных стыляў : і готыку, і барока, і рэнесанс , і класіцызм, і, нават, мадэрн.

 

І менавіта гэтае неверагоднае спалучэнне захапляе з першай хвіліны знаемства з Вільняй.

 

У гэтым палоне магутнай велічы касцёлаў, мяккасці і сваеасаблівасці храмаў, утульнасці вузенькіх вуліц я знаходзілася тры дні.

 

І ўжо потым, узгадваючы гэтае падарожжа, чамусьці захацелася прыехаць зноў у горад, што так нагадвае такую родную і знаёмую Гародню.

 

Фота аўтара