З далікатнай любоўю да Францыі…
«Свадьба» – наш унікальны, аўтэнтычны ў свай франкафіліі, выбітна экспартны гурт, які раней цяжка было прэзентаваць камусці, бо не было ніводнага нумарнога альбому.
Сітуацыю ратаваў своеасаблівы жывы запіс «Концерт в чулане» і, здаецца, ён далей будзе выконваць сваю функцыю, поруч з новенькай студыйнай кружэлкай, бо абодва дыскі аказаліся даволі рознымі, але падобнымі ў галоўным – іх трэба мець у калекцыі.
Новы (усяго толькі першы – ну хто б мог падумаць!) альбом прадстаўляе толькі адзін бок гурта. Гэта меланхалічна-лагодныя спевы, з шыкоўным музычным афармленнем, з невялікай колькасцю крыўлянняў і адсутнасцю такіх тыповых для «Свадьбы» герояў, як сабака Баскервіляў, жанчына-піяўка ці мікробы з іх мікраскапічным каханнем.
>
Запісана ўсё вельмі якасна і слухаецца «на ўра». Песні з існуючых раней запісаў не паўтараюцца.
Шкада толькі, што дыск не здольны перадаць таго, як ВЫГЛЯДАЕ гэтагы балаган у дзеянні.
Бо, убачыўшы на сцэне Беньку – сапраўдную акторку, хоць і з рэжысёрскім дыпломам – немагчыма не закахацца.
А ўжо пачуўшы гэты характэрны, хоць і непрафесійны, глыбокі, радасны голас, бурклівы кантрабас і вішчанне скрыпкі, утробныя гукі духавой секцыі, кожны пабяжыць набываць кружэлку. Таму мая прапанова на наступнае выданне – якасны канцэрт у фармаце DVD. Гэта тое, чаго чакаюць натоўпы.
Цяпер галоўны мінус – альбом вельмі кароткі. Трыццаць хвілін – «этапростакапец»! Толькі рассмакуеш, натолішся пасля некалькіх год чакання, ногі, плечы, мышцы твару і валасы на галаве пачнуць рухацца ў рытм, які задаюць музыкі, як дыск сканчаецца.
Зразумела, што тэматычная і ў нейкім сэнсе эмацыйная праграма, якую прадстаўляе дыск – абмежаваная. І тое добра, бо «Свадьба» мае свой другі твар, жвавы і экспрэсійны, як апошнія фрагменты альбома: песні «Скок-подскок» ці «Разнообразно».
Менавіта таму я прапаную чаргаваць «Сердечную мускулатуру» и «Концерт в чулане», час ад часу праглядаючы існуючыя відэазапісы (мне сярод іх імпануе канцэрт на TVJam – там прынамсі ўсё запісана і змантавана прыстойна). Гэта дасць магчымасць найбольш поўнага агляду творчасці Бенькі і кампаніі.
Хаця, «Свадьбу» – гурт тыпова канцэртны – захапіць у класічным альбомным фармаце нельга. Трэба хадзіць на канцэрты.
Але ж у Гродне мінскае кабарэ бывае не часцей за сапраўдных французаў.
Гурт: Серебряная свадьба
Альбом: Сердечная мускулатура
Жанр: фрык-кабарэ
Дзе ўзяць: спампаваць за ахвяраванні можна тут
Ацэнка: 7/10 (таму што мала)
Фота Алесі Бяленік