“Твой стыль” адзначае сёння свой чацьвёрты Дзень нараджэння
Ужо праз год свайго існавання “Твой стыль” стаў лаўрэатам нацыянальнага конкурса інтэрнэт-рэсурсаў у намінацыі “Мая Беларусь”, а таксама атрымаў прэмію за развіццё беларускамоўнага інтэрнэту.
>
На працягу гэтых чатырох гадоў асноўнымі аўтарамі “Твайго стылю” з’яўляюцца маладыя журналісты-удзельнікі праекта “Школа маладога журналіста”.
Для многіх з нашых аўтараў “Твой стыль” стаў трамплінам у прафесійную журналістыку.
Замачылі рэдактара “ТС” – такую назву меў першакрасавіцкі жарт “Твайго стылю” у 2007 г. На здымку – першы рэдактар інтэрнэт-газеты “Твой стыль” Зміцер Ягораў.
Змяняецца і сам “Твой стыль”: у параўнанні з першымі гадамі працы на нашых старонках стала больш мультымедыйных матэрыялаў – радыёпраграм, відэасюжэтаў, музыкі гарадзенскіх выканаўцаў, фотарэпартажаў і г.д.
Ужо зараз на сайце з’яўляюцца новыя рубрыкі, з яшчэ большай аператыўнасцю з’яўляюцца новыя матэрыялы, прысвечаныя найважнейшым падзеям у жыцці горада, рэгіёна, краіны.
У Дзень сваіх народзінаў шчыра дзякуем усім, хто ўсе гэтыя чатыры гады ствараў “Твой стыль”, чытаў, глядзеў і слухаў нашыя матэрыялы!
Будзьма Разам у Стылі і надалей!
Іна Хітрушка, адна з першых аўтарак “Твайго стылю”, выпускніца “Школы маладога журналіста-10”:
Віншую “Твой Стыль” с днем нараджэння! Жадаю вам заўседы заставацца стыльнымі!
Калі прыгадваю працу у “Стылі”, усплывае шмат добрых момантаў!
“Стыль” – гэта, амаль што другая сям’я!
Калектыў, у якім мы працавалі, узаемаадносіны з рэдактарамі, атмасфера на планёрках, карпаратывы – адныя толькі станоўчыя ўспамінкі і аніводнага адмоўнага ўражання!
Іна Севярын, аўтарка “Твайго стылю”, навучэнка “Школы маладога журналіста-14”:
“Твой стыль” – гэта не толькі інтэрнэт-выданне, а і сапраўдная краіна ведаў, прычым бязмежная.
З прыходам у рэдакцыю маё жыццё стала найцікавейшым: тэатры, канцэрты, сустрэчы з цікавымі людзьмі, падарожжы і шмат таго, чаго не заўсёды мы можам арганізаваць самі.
Вялікая пашана тым людзям, якія гэта ўсё робяць, падтрымліваюць і захоўваюць.