АХВЯРЫ ВУЛІЦ
Усё гэта распаўсюджваецца з незвычайнай хуткасцю. Бацькі часта вельмі легкадумна да гэтага ставяцца. Падаецца, папесцяцца падлеткі і перастануць. Але не. Падчас яны пераступаюць небяспечную мяжу і становяцца ахвярамі. Ахвярамі вуліц.
Хто такія «эмо»? Людзі, якія рэзка выяўляюць эмоцыі. Яны збіраюцца разам, размаўляюць, гуляюць, прыдумваюць свае «фішкі». Вы скажаце: дзеці, проста ў цацкі не нагуляліся. Можа быць і так. Праўда, часта, гэта ўжо не цацкі, а сталыя гульні, выхаду з якіх няма. Расказалі мне адну гісторыю, нічога асаблівага. Ён яе кахаў, яна яго забыла, кінула і сыйшла да іншага. Звычайная такая гісторыя, якіх тысяча. Праўда ён, хлопец-эмо, пайшоў пасля гэтага вены рэзаць. І на ўсю руку, да локця…яе імя…брытвай. Гэта рэальныя падзеі мінулага году гораду Гродна. Хлопца больш няма, толькі мармуровая пліта, не раз амытая слязьмі няшчаснай маці.
А дзяўчына з нашага гораду? Яна патрапіла ў секту сатаністаў. Курыныя лапкі, таямнічыя зборы на могілках – спачатку ўсё было новым і цікавым, як быццам ты апынуўся ў іншым свеце. Ім давалі заданні. Спачатку яны былі бяскрыўднымі, але потым… Дзяўчына не вытрымала і вырашыла сыйсці. Але адно яна забыла: з секты выйсця няма. Прайшоў роўна год з таго дня, як яе павесілі. Павесілі ў хаце, пераламаўшы рукі і ногі. Кожнае калецтва – напамінак аб Статуце секты. Яе сяброўка не жадае паказваць сваяго твару, але распавядае аб апошніх днях сатаністкі. «Худая і бледная, яна ўся траслася. Ведала ж, што за ёй прыйдуць – здрады яны не прабачаюць. Але і жыць так далей не магла. А зараз…ніяк не жыве». Ёй было шаснаццаць гадоў, хлопцу – сямнаццаць. Яны больш ніколі не пайдуць у школу, не купяць у ларку гумку, не прагуляюцца па парку, не пасядзяць у кафэ. Якое страшнае слова: «ніколі». Але ж можна жыць і без пірсінгаў у носе-вушах-губе-брыві-языку, без ружова-чорна-белых (колер эмо) думак у галаве. Можна жыць спакойна або… «ніколі».