Віргінія Венцкунене запрашае ў падарожжа паміж небам і зямлёй
Канцэпцыю выставы патлумачыла сама яе аўтарка.
Па словах сп-ні Венцкунене, яна знаходзіцца ў такім ўзросце, калі чалавек адчувае, што ён ўжо не зусім на зямлі, а хутчэй – недзе паміж небам і зямлёй.
У такім стане чалавек пераасэнсоўвае розныя рэчы, што ўвасабляецца затым у творчасці.
На выставе скульптарка прадставіла свае апошнія работы, а таксама работы, якія ствараліся на працягу апошніх 20 гадоў.
Некаторыя з іх былі прадстаўленыя ў выглядзе фатаздымкаў, якія Віргінія зрабіла сама.
Дарэчы, многія яе работы можна ўбачыць у розных грамадскіх месцах не толькі Каунаса, Бірштонаса і іншых гарадоў Літвы, але і гарадоў Германіі, Польшчы, Францыі, Італіі, Іспаніі.
У размове з карэспандэнткай “Твайго стылю” сп-ня Віргінія распавяла пра свае ўражанні ад нашага горада, які ёй вельмі падабаецца.
– Што самае цяжкае ў працы скульптара-жанчыны?
– А што тут цяжкага? Цяжка іншае: трымацца “на ўзроўні” – адказала аўтарка выставы.
Дарэчы, цяжкасцей ў выбары прафесіі ў яе не было, таму што скульптарам яна вырашыла стаць яшчэ ў 8-9 класе.
Удзел у адкрыцці выставы браў генеральны консул Літвы ў Гродне Рымантас Латакас.
Сваімі ўражаннямі ад выставы падзяліліся і многія вядомыя гарадзенскія дзеячы культуры.
align=”left” width=”194″ height=”219″ >Алег Жюгжда, рэжысер:
Упершыню, напэўна, гэтую выставачную залю займае скульптар-жанчына.
Заўсёды прыемна знаходзіцца на выставе літоўскага мастацтва, асабліва, калі гэта выстава жанчыны напярэдадні 8 сакавіка!
Прадстаўленыя тут рэчы сведчаць пра вытанчаны жаночы эстэтызм мастачкі ў дачыненні да такіх, здавалася б, несумяшчальных рэчаў як камень і метал.
Мне вельмі падабаецца!
Аляксандр Ігнаценка, дырэктар лялячнага тэатру:
“Выстава – вельмі разнастайная і цікавая. Я, напрыклад, упершыню бачу такое цікавае і граматнае размяшчэнне экспанатаў у скульптурнай частцы залі і такое граматнае размяшчэнне фатаграфічных работ”.
Анастасія Чэркес, школьніца: “Прыемна, што аўтар ўмее заінтрыгаваць, бо, па-мойму,
асноўная задача мастацтва – здзіўляць. Работы прымушаюць задумацца, нават
па-філасоўску паразважаць над жыццём”.
Выстава Віргініі Венцкунене будзе працаваць у Гродне да 13 сакавіка.
Сваімі ўражаннямі пра выставу дзеляцца гаспадыня выставачнай залі на вул. Ажэшкі Ірына Сільвановіч і вядомы гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялеяў.
Фота Гражыны Шалкевіч