Вікторыя Конга: кожнае з’яўленне сонейка для мяне свята

|

Як іншаземныя студэнты адаптуюцца да жыцця ў Гродне?


Сваю версію адказу мае студэнтка гарадзенскага медуніверсітэта Вікторыя Конга з Анголы.

 

– Вікторыя, як ты вырашыла стаць лекарам, і чаму для навучання абрала Гродна?

 

– У 90-х у Анголе, маёй роднай краіне, была вайна. Было шмат параненых і хворых.

 

Але наша медыцына была ў вельмі цяжкім становішчы, краіне дапамагала арганізацыя “Лекары без межаў”.

 

Мяне вельмі ўразіў прафесіяналізм дактароў, іх самаахвярнасць.

 

Менавіта ў той час я вырашыла прысвяціць сваё жыццё медыцыне і дапамозе людзям.

 

Мой бацька некалі вучыўся ў былым СССР.

 

У яго засталося шмат сяброў. У тым ліку – у Беларусі. Яны і параілі мне навучацца ў гарадзенскім медуніверсітэце.

 

– Ці цяжка было адаптавацца да чужой і незнаёмай краіны?

 

– Я прыехала ў Беларусь ў 2006 годзе і паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне, дзе разам са мной навучаліся і ліванцы, і пакістанцы, і індусы.

 

Усе яны размаўлялі на ангельскай мове, але так хутка!

 

Мець зносіны з імі было вельмі цяжка, нягледзячы на тое, што вывучала ангельскую мову на працягу 6 год.

 

Але і па- руску сказаць нічога не магла, акрамя “мяне зваць Вікторыя” і “прывітанне”.

 

Таму першы год быў вельмі складаны. Трэба было вучыць вашу мову, прывыкаць да вашай ежы, да людзей.

 

Зараз ужо не так складана. Я навучаюся на рускай мове і не шкадую, што выбрала вашу краіну і гэты медуніверсітэт.

 

Адзінае, да чаго не змагла прывыкнуць – гэта надвор’е.

 

Цяжка пераношу холад, таму вельмі часта хварэю, кожнае з’яўленне сонейка для меня свята.

>

– Часта бывае такое, што ты заўважаешь на сябе погляды людзей на вуліцы, у транспарце? Можа чуешь нейкія крыўдныя словы ў свой бок?

 

– Людзі ўвесь час звяртаюць увагу. Часам чую, што на мяне кажуць “чорная”.


Але я не лічу гэтае слова крыўдным.


Гэта толькі мой колер скуры.


І тое, што я чорная, зусім не азначае, што я дрэнны чалавек.

 

Бывае яшчэ людзі гавораць “шакаладная”.

 

Але ж хто не любіць салодкае? Я, напрыклад, калі іду ў краму, не магу перамагчы спакусу купіць шакалад.

 

Дык чаму такі камплімент мне не спадабаецца?

 

А ў цэлым беларусы добрыя, цікавыя людзі.

 

У мяне нават ёсць сябры беларусы. Мы добра бавім час разам.

 

І для іх няма ніякай розніцы, якога колеру мая скура.

 

– Вікторыя, усе твае родныя і блізкія людзі так далека ад цябе. Ці часта ты бываеш дома, бачышся з імі? Як вы падтрымліваеце сувязь?

 

– Дадому атрымліваецца з’ездзіць толькі раз у год – на летнія канікулы.

 

Але я ўжо столькі часу знаходжуся далека ад дому!

 

Спачатку вучылася у школе ў Партугаліі. Цяпер ужо чацверты год ў Беларусі.

 

Зразумела, што вельмі сумую, але існуе Інтэрнэт і скайп, таму трошкі лягчэй.

 

 

– Як ты праводзіш свой вольны час? Ці наведваеш вечарыны, начныя клубы?

 

-Не, такое баўленне часу не для мяне.

 

Мне больш падабаецца ў вольны час збірацца разам з сябрамі, ці проста пачытаць цікавую кнігу.

 

– Ці падабаецца табе беларуская кухня? Або ты гатуеш свае нацыянальныя стравы?

 

– З усіх страў беларускай кухні, якія я паспрабавала, найбольш спадабаўся боршч.

 

Калі есць перапынак паміж заняткамі, наведваю ўніверсітэцкую сталоўку, дзе яго так смачна гатуюць.

 

А вось з нацыянальнымі стравамі вельмі цяжка. У Анголе мы вырошчваем шмат фруктаў і гародніны.


Вашая краіна ў гэтым плане вельмі бедная.

 

Калі ўзяць, напрыклад, бульбу, якой так ганарацца беларусы, то у нас вырошчваецца некалькі сотняў гатункаў, з якіх гатуюцца самыя разнастайныя стравы.

 

Што тычыцца фруктаў, то яны у нас у сто разоў смачнейшыя.

 

Таму пасля атрымання дыплома мару вярнуцца ў родную краіну.