Гісторыя вачамі яе сведкаў
Збор вуснай гісторыі – гэта вельмі цікавы і папулярны ў многіх краінах накірунак гістарычных даследаванняў.
У апошнія гады ён пачынае развівацца і ў Беларусі.
Выдадзеная сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” кніга распавядае пра значныя ў гісторыі нашага горада і краіны падзеі вуснамі жыхароў Гродна.
“Твой стыль” паразмаўляў з Вольгай Корсун, адной са стваральніц выдання.
– Як узнікла ідэя напісання брашуры?
– Тое, што пішуць у падручніках па гісторыі часта не супадае з тым, пра распавядаюць сведкі тых альбо іншых гістарычных падзей і эпох, з тым, што перадаецца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне.
Так адбываецца з-за таго, што падручнікі складаюць дзяржаўныя ўстановы ў залежнасці ад ідэалогіі, палітычнай сітуацыі ў краіне.
Таму вельмі важна фіксаваць сведчанні жывых носьбітаў гістарычнай памяці.
Пра некаторыя падзеі, апісаныя ў кнізе, звестак ці ўвогуле больш нідзе няма, ці ёсць вельмі мала.
Напрыклад, пра парад хіпі ў 71-м годзе, ці пра тое, што Гродна некалі быў нефармальнай сталіцай року ў СССР, альбо пра падрабязнасці руйнавання Фары Вітаўта.
З іншага боку, у Гродне жыве шмат цікавых людзей.
Яны вядомыя ў сваіх прафесійных колах, але шырокая аўдыторыя іх не ведае.
Мы хочам, каб горад ведаў своіх герояў ў твар.
Такім чынам, ідэя стварэння выдання не ўзнікла на пустым месцы.
Гэта было патрабаваннем часу.
І як бы пафасна не гучала, гэта карысная справа для будучых пакаленняў, для якіх мы і захоўваем гісторыю.
З аднаго боку – гісторыя, цікавыя факты, з другога – цікавыя людзі.
– Якім чынам Вы адбіралі герояў для брашуры?
– Некаторыя імёны ўсплывалі адразу, напрыклад, Мікола Таранда (на здымку), адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў гісторыка-культурнага клуба “Паходня”.
>
Канечне, мы не маглі пакінуць яго без увагі. Адразу ўзнік у памяці Мікола Маркевіч, яго газета “Пагоня”.
У некаторых выпадках мы вызначалі спачатку імёны, а пасля падзеі, пра якія яны маглі распавесці.
Было таксама наадварот – вызначалі падзеі альбо перыяды ў гісторыі ХХ ст. і затым шукалі людзей, хто б змог нешта цікавае пра іх распавесці.
– Ці лёгка выбраныя героі ішлі на кантакт?
– У большасці выпадкаў лёгка. Нашы героі – творчыя людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Яны актывісты і ў жыцці, і ў той сферы, якую абралі.
Таму падзяліцца ўспамінамі, уражаннямі, жыццёвым вопытам ім самім было цікава.
Мне вельмі спадабалася працаваць з героямі кнігі. Усе яны творчыя і вельмі розныя, да кожнага трэба было знайсці падыход, але гэта і ёсць праца журналіста.
– З якімі цяжкасцямі Вы сутыкнуліся пры падрыхтоўцы ўспамінаў?
– Мы выконвалі тэхнічную ролю – спачатку запісвалі, а затым апрацоўвалі ўспаміны нашых герояў.
Асноўныя цяжкасці былі звязаныя з неабходнасцю ў дастаткова кароткі тэрмін апрацаваць вялікі аб’ём інфармацыі.
– На якую аудыторыю разлічана кніга?
– Яе будзе цікава чытаць усім, хто цікавіцца гісторыяй, хто любіць наш горад.
Мае знаёмыя, якім я распавядала пра падзеі, апісаныя ў кнізе, здзіўляліся: “Я жыву, аказваецца, у горадзе, дзе такое адбывалася, і не ведаю пра гэта!”.
Можа, кагосьці кніга натхніць зняць фільм ці напісаць кнігу пра каго-небудзь з нашых герояў.
– Што Вам асабіста дала праца над кнігай?
– У нашага горада цікавая гісторыя, тут жывуць цудоўнейшыя людзі.
Паездзіўшы па іншых краінах, гарадах, усё больш сцвярджаюся ў думцы, што нашыя людзі вельмі душэўныя, творчыя, такіх нідзе няма.
– Ці плануеце Вы рабіць працягвае працу ў гэтым накірунку?
– Мне вельмі хацелася б гэтага, таму што інфармацыі шмат.
Нам прышлося шмат чаго “рэзаць”, рэдагаваць.
Хацелася б ахапіць яшчэ некаторыя падзеі, якія мы не закранулі ў гэтым выданні, дайсці да некаторых людзей.
ХХ стагоддзе – самая бурлівая эпоха. Пра яго трэба пісаць і пісаць!
Так што жаданне ёсць, былі бы сродкі.
Спадзяюся, у нас атрымаецца перавыдаць “Гісторыю ХХ стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў” у больш пашыраным аб’ёме.
Некаторыя з аўтараў – герояў кнігі. У верхнім шэрагу злева направа Ўладзімір Выдэрка, Віктар Саяпін, Алесь Госьцеў, Святлана Маразевіч (Іоська), Міхась Амялішка. Сядзяць: Юрась Мацко, Вера Кунцэвіч, Мікола Таранда, Яўген Петрашэвіч.
Важна, каб гарадзенцы ведалі, у якім цудоўным горадзе яны жывуць, ведалі, што у нашага горада цікавая, разнастайная, шматбаковая гісторыя, што тут жывуць выдатныя людзі.
Фота Юліі Каляды