Пудзіла Масленіцы ў Гродне скармілі звярам
Пры ўваходзе на тэрыторыю заапарка ўтварылася доўгая чарга за галоўным прысмакам масленіцы – блінцамі.
Круглыя, гарачыя, румяныя з рознымі начыннямі пякліся адразу на вачах у наведвальнікаў.
Чарга за імі не змяншалася на працягу ўсяго свята.
Была гэтак жа традыцыйная раздача салдацкай кашы і гарачай гарбаты.
Толькі замест грачанай кашы салдаты частавалі народ пярловай.
“Нічога дзіўнага – сказалі мне салдаты – сёння грэчка дарагая – адзін кілаграм яе каштуе прыкладна як тры кіло бананаў”.
Маленькія жыхары нашага горада мелі магчымасць не толькі зірнуць скрозь жалезныя краты на звяроў, але і пагладзіць некаторых з іх.
Такую магчымасць давалі работнікі заапарку, на руках ў якіх сядзелі зайцы. Гэтым шанцам скарысталіся з аднолькавым захапленнем як дзеці, так і іх бацькі.
Забаўляльная праграма пачалася з пачастунка гаспадынькай блінамі і сустрэчай Зімы і Дзеда Марозу.
З імі дзеці вадзілі карагоды і спявалі песні, удзельнічалі ў розных конкурсах.
Сыход Зімы і яе спадарожніка Дзеда Мароза папярэднічаў прыходу Вясны.
Традыцыйна пудзіла Масленіцы ці спальвалася ці пускалася па рацэ ўніз па плыні.
Але паколькі месца правядзенне зусім не традыцыйнае тое і растанне з ім было не звычайным – сенна-агароднінае пудзіла парвалі на часткі і скармілі звярам.
Апошнім акордам свята дараванай нядзелі было наведванне Вялікай Прадказальніцы Мацільды.
Гэта ў меру сімпатычная брунэтка мядзведжага паходжання ўдарам лапы па скрынях з надпісамі “позняя” ці “ранняя” вызначала, якой сёлета будзе вясна.
І цуд! Была збіта скрыня з надпісам “ранняя”!
Тыя, хто затрымаўся крыху даўжэ ля клеткі Мацільды, разгадалі сакрэт цуду – Вялікая Прадказальніца вылізвала салодкі прысмак са сценак толькі што расцярушанай ёй скрыні.
У хуткім часе наша Мацільда можа стаць для гарадзенцаў тым жа, што і васьміног Паўль для немцаў.
Надвор’е ўнесла свае карэктывы: калі з раніцы было холадна, але сонечна, то пасля абеду неба зацянулася хмарамі і пачаўся снег.
Як быццам зіма не жадала сыходзіць, не гледзячы на тое, што гарадзенцы ужо развіталіся з ёю.
Але нават гэта акалічнасць не паўплывала на настрой наведвальнікаў заапарка.
Свята атрымалася, аб гэтым сведчылі стомленныя, але задаволенныя твары дзяцей.
Фота аўтара