“Варта арыентавацца на шэсць-сем гадоў”

Сёлетняя зіма пакінула пасля сябе бруд на гарадзенскіх вуліцах, дэпрэсію і роспач сярод актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасці.

 

Вынікі судоў над палітычнымі вязнямі ў лютым сталіся сапраўды “лютымі”.

 

У хуткім часе можа можа распачацца другая хваля судоў над удзельнікамі Плошчы.

 

У тым ліку – над сустаршынём Маладога Фронта, гарадзенцам Алесем Кіркевічам, які знаходзіцца зараз у следчым ізалятары КДБ у Мінску.

 

Якія вынікі гэтых судоў прагназуюць палітычныя і грамадскія лідэры з Гродна?

 

Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадзенскага БНФ:

 

– Аналізуючы вынікі лютага, магу сказаць толькі тое, што сакавік не прынясе суцяшэння.

 

Тым больш, што зараз суды будуць ажыццяўляцца над тымі, каго абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

 

Гэты артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае тэрмін абмежавання волі да пятнаццаці гадоў.

 

Не думаю, што суддзі спыняцца на максімальнай лічбе, але, хутчэй за ўсе, арыентавацца варта на шэсць-сем гадоў.

 

Пра Алеся Кіркевіча зараз сказаць цяжка, таму што яму пакуль не прад’явілі абвінавачвання. Яго справа ўсё яшчэ знаходзіцца на папярэднім расследаванні.

 

Ян Роман, праваабаронца, журналіст “Радые Рацыя”:

 

– Сёння цяжка цешыць сябе марамі пра жыццясцвярджальныя вынікі судоў.

 

Прысуды будуць, у цэлым, прадказальнымі.

 

 

Пачыналі з актыўных удзельнікаў і паступова перайшлі на кандыдатаў і найбольш прыбліжаных да іх асобаў.

 

Кожны з гэтых людзей сапраўдны лідэр. Калі за актыўны удзел у падзеях Плошчы прысуджвалі па чатыры гады жорсткага рэжыму, то ў дачыненні да “арганізатараў”, гэтую лічбу можна памножыць на два.

 

Гродна зараз знаходзіцца ў чаканні абвінавачвання Алесю Кіркевічу.

 

Думаю, што ён будзе праходзіць па справе актыўнага ўдзелу у масавых беспарадках.

 

Па яго справе нібыта ёсць відэа, паводле якога Алесь пад націскам натоўпу рухаецца да прыступкаў Дома ўраду, дзе акурат білі шкло.

 

Але зараз ніхто не можа ведаць дакладна, ці так усё насамрэч.

 

align=”left” >Віктар Сазонаў, старшыня гарадзенскай БСДГ:

 

– Прысуды будуць самымі жорсткімі. Зусім нядаўна мы цешылі сябе надзеяй на дапамогу Еўразвязу.

 

Але Еўропа не рашылася на ўвядзенне эканамічных санкцый, абмежаваўшы сваю салідарнасць абноўленым спісам невыяздных.

 

Пагулялі перад выбарамі ў дэмакратыю…

 

Алеся Кіркевіча забралі у час, калі, быццам бы, усе “вінаватыя” ужо знаходзіліся за кратамі.

 

Відаць, ім  дзеля статыстыкі спатрэбілася пасадзіць каго-небудзь з захаду краіны.

 

У яго сітуацыіі самае страшнае – невядомасць.

 

Думаю, што Алесь Кіркевіч  будзе абвінавачаны ў актыўным удзеле у масавых беспарадках.

 

Ларыса Анатольеўна, маці Алеся Кіркевіча (на здымку ніжэй), настаўніца на пенсіі:

 

– Цяжка хвалявацца за лес кандыдатаў, калі за кратамі знаходзіцца мой сын.

 

Апошнім часам толькі пра яго і думаю. Самае цяжкае – невядомасць.

 

Але я разумею, што яму, знаходзячыся за сценамі КДБ, куды горш, чым мне.

 

Таму імкнуся быць мужнай, часам праз сілу.

 

І гэта хутчэй не я, а ён мяне падтрымлівае сваімі лістамі, прыкладзенымі да іх малюнкамі і вершамі.

 

Піша, каб я ўспрымала яго адсутнасць, як ад’езд на раскопкі ў Манголію.

 

Пішу кожны дзень, але ведаю, што не ўсё даходзіць.

 

Адвакат амаль нічога не кажа, і ў лістах Алесь не можа мне пра ўсё напісаць – таму што ўся пошта правяраецца супрацоўнікамі КДБ.

 

Напрыканцы сакавіка сканчаецца тэрмін следства.

 

Вельмі палохае перспектыва абвінавачвання сына ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, але любы вынік – гэты першы крок да дзеяння, і ўсе ж такі гэта лепш, чым жахлівая невядомасць.