На будаўніцтва новага спорткомплекса вылучаны міліярд рублёў
Такія факты былі агучаныя ў час прамой лініі старшыні гарадзенскага гарвыканкама Барыса Казялкова з жыхарамі горада – паведамляе “Гродзенская праўда”.
“Твой стыль” звярнуўся па каментар да намесніка начальніка абласнога ўпраўлення па фізкультуры, спорту і турызму Алега Андрэйчыка:
– Выдаткаваны з абласнога бюджэту міліярд пойдзе сёлета на праектныя і, магчыма, пачатак будаўнічых работ. Канкрэтнага падрадчыка пакуль няма.
– Што будзе ўяўляць з сябе будучы спарткомплекс?
– Гэта будзе ўніверсальны комплекс, прызначаны найперш для гульнёвых каманд спорту.
Свае матчы змогуць праводзіць тут гандбалісты, баскетбалісты, валейбалісты.
Плануецца будаўніцтва трыбун на 3-5 тысяч месцаў.
Гэта дазволіць таксама праводзіць тут культурна-масавыя мерапрыемствы.
Хацелася б збудаваць таксама дадатковы трэніровачны зал, магчыма – тэнісныя корты, футбольнае поле.
– Пляцоўка пад будаўніцтва ўжо канчаткова зацверджаная?
– Не. Ёсць некалькі варыянтаў, але пляцоўка за царквой з’яўляецца пакуль асноўным.
Пра будаўніцтва новага спорткомплекса ў Гродне гаворка ідзе ўжо амаль 10 гадоў.
Пра планы пачаць будаўніцтва ў тым ці іншым месцы горада абвяшчалася ледзь не штогод, але грошай у бюджэце кожны раз не знаходзілася.
Спартыўныя комплексы для гульнёвых відаў спорту ў апошнія гады былі збудаваныя і актыўна выкарыстоўваюцца ў Магілёве і Брэсце.
Гарадзенскія ж каманды вымушаныя гуляць у цесных залях спарткомплекса “Вікторыя” на вул. Гагарына альбо ў вучылішчы алімпійскага рэзерву на вул. Паповіча.
На здымку: так выглядаў макет аднаго з праектаў спорткомплекса ў Гродне
Фота: Der Schatten