“Дні беларускай культуры” адбыліся ў Варшаўскім універсітэце
У гэты дзень польскія студэнты мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з самабытнай культурай суседняй Беларусі, пакаштаваць страваў беларускай кухні і паўдзельнічаць ў разнастайных цікавых падзеях, арганізаваных па ініцыятыве Незалежнага Аб’яднання Студэнтаў пры падтрымцы ініцыятывы “Wolna Białoruś” (Вольная Беларусь), тэлеканалу “Белсат” і кампаніі “Будзьма беларусамі”
“На жаль, зараз у польскім грамадстве Беларусь асацыюецца перш за ўсё з існуючай палітычнай сітуацыяй.
Нашай галоўнай мэтай было паказаць гэту краіну крыху з іншага боку, скрозь прызму яе краявідаў, традыцый, і таксама дзеячоў беларускай культуры” – каментуе Мацей Лятос, прадстаўнік Незалежнага Аб’яднання Студэнтаў.
“Значную дапамогу пры рэалізацыі заплянаваных мерапрыемстваў мы атрымалі менавіта ад беларускіх студэнтаў, якія склалі 40% нашага арганізацыйнага калектыву.
Сярод іх была Наста Някрасава, вакалістка вядомага гурта Folkroll, лаўрэата Вашаўскага міжнароднага фестывалю “Новыя Традыцыі”.
Уступнай часткай мерапрыемстваў стала выстава фатаздымкаў Малгажаты Собіх, зробленых пераважна ў Гародні і яе ваколіцах.
>
Падчас выставы гучалі прыемныя мелодыі беларускіх песень і вершаў.
Можна было паспытаць знакамітых традыцыйных “дранікаў”, закусваючы іх хрумсткімі салёнымі агуркамі.
“Дранікі” і выстава выклікалі асаблівую зацікаўленасць з боку студэнтаў.
“Нас вельмі ўсхвалявала тое, што цяпер адбывалася падчас беларускіх выбараў.
Мы, палякі, не забыліся яшчэ пра жахлівы час камуністычнай улады і таму шчыра спачуваем беларусам.
Мы адчуваем, што павінны падтрымліваць дэмакрацыю і незалежнасць Беларусі, а таксама дапамагаць ім у барацьбе з дыктатурай”, – кажа Адам, студэнт юрыдычнага факультэту.
Другая частка імпрэзы, пад назвай “Сатыра ў дыктатуру”, распалася перформансам неардынарнага беларускага мастака, Алеся Пушкіна.
З дапамогай студэнтаў артыст інсцэніяваў святкаванне Новага Года 2011, дзе запалоханыя, замкнутыя ў сабе, адасобленыя адзін ад аднаго грамадзяне (студэнты) святкуюць, зусім не звяртаючы ўвагу на палітычнага вязня, зняволенага мастака (Алеся Пушкіна).
І, калі, згодна са звычаем, пачынаецца навагодняя васьміхвілінная прамова прэзідэнта, ўсе хаваюць, закрываюць твар, не маючы больш сілаў слухаць.
Далей, удзельнікі гэтага не вельмі вясёлага балю разыходзяцца. Алесь чакае рэакцыі гледачоў.
Пасля некалькіхвіліннай паўзы, адна жанчына ўсё-такі падыходзіць да яго і “вызваляе”.
Алесь не памыляўся, калі казаў, што рэакцыя на яго акцыі, на яго “заклік” заўсёды ёсць.
Пасля перформансу адбылася дыскусія паміж Алесем Пушкіным і Вальдэмарам “Маёрам” Фрыдрыхам, стваральнікам і легендарным лідэрам Аранжавай Альтэрнатывы – серыі хэпенінгаў у Польшчы, распачатых яшчэ ў 1985 годзе.
Падчас аднаго са свіх хэпенінгаў на Дзень жанчын у сакавіку 1988 г., ён раздаваў на вуліцы гігіенічныя пракладкі. Тавар гэты на той момант быў не вельмі распаўсюджаным.
Хлопца арыштавалі і пасадзілі на 3 месяцы ў турму. Але ў хуткім часе быў выпушчаны з прычын масавых пратэстаў прыхільнікаў яго дзейнасці.
Дыскусія паміж двума легендарнымі перформерамі, як і было прадугледжана, атрымалася нетыповай і вельмі цікавай.
Размову вёў Раман Паўлоўскі, рэдактар аддзелу культуры штотыднёвіка “Gazeta Wyborcza” (Газэта Выборчая), вядомы тэатральны, літаратурны, кіна- крытык і публіцыст.
Фінальным момантам мерапрыемстваў стаў фільм “Reality-show – выбары”, які яшчэ раз выклікаў хвалю сумных і абураных эмоцый у зале.
Па словах арганізатараў, у будучыні ўжо плануецца зладзіць яшчэ некалькі іншых мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі.
Фота аўтара