Польскія журналісты наведалі радзіму Чэслава Немэна

|

 

 

Агледзеўшы дом, у якім разам з сям’ёй Чэслава жыў з 1939 па 1945 гады і які назаўжды пакінуў ў 1945-м, 72-гадовы пан Рамуальд расхваляваўся.

 

– Мне так прыемна, што вы памятаеце і шануеце майго брата, – прызнаўся ён.

 

– Для кагосьці ён быў легендай, кумірам, а для мяне – родная кроў, блізкі па духу чалавек.

 

Мы часта сустракаліся ў Польшчы, разам адпачывалі, расслабляліся, выпівалі і на дзяўчат хадзілі (смяецца).

 

Нават калі ён стаў вядомым на ўвесь свет музыкантам, для родных застаўся Чэсікам. Як, дарэчы, і для землякоў…

Рамуальд Юзэфавіч па прафесіі інжынер судаверфі, цяпер – пенсіянер.

 

Беражліва захоўвае ў сямейным архіве духоўную спадчыну стрыечнага брата: фотаздымкі, перапіску, плыты, дыскі, запісы.

>

Унікальныя экспанаты ён перадаў у дар музею: копіі рэдкіх здымкаў Чэслава, некалькі дыскаў, кнігу “Чэслаў Немэн у Свебадзіне” і рукапісныя ўспаміны свайго бацькі пра Старыя Васілішкі, датаваныя 1980-м годам.

Польскія журналісты зацікаўлена слухалі расказ загадчыка музея Уладзіміра Сянюты пра дзяцінства Чэслава і здзіўляліся, як у гэткім сціплым доме, у такой невялічкай вёсцы прабіўся вялізны талент сусветнага музыканта, спевака, кампазітара, паэта, графіка…

 

Пасля Старых Васілішак госці з Польшчы адправіліся ў Васілішкі новыя, сучасныя.

Пабывалі ў Цэнтры культуры і адпачынку, бібліятэцы, сярэдняй школе, паглядзелі невялічкі канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі школьнікамі, прайшліся па вуліцах мястэчка.

 

А потым адправіліся далей, у Навагрудак – горад Адама Міцкевіча…

 

Гэта незабыўная сустрэча адбылася дзякуючы сябрам грамадскай арганізацыі фатографаў Памор’я, якія звярнуліся ў Генеральнае Консульства Беларусі ў Гданьску з просьбай арганізаваць іх паездку ў Беларусь.

 

Супрацоўнікі консульства і Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы ініцыятыву падтрымалі.

Яе вынікам стануць дзесяткі фотавыстаў ва ўсім Паўночна-Заходнім рэгіёне Польшчы і фотаальбом.

 

Фота аўтара