Гродзенскі аблвыканкам заклапочаны жорсткім абыходжаннем з дзецьмі

|

Гродзенскія педагогі лічаць праблему жорсткага абыходжання з дзецьмі надзвычай актуальнай, таму ўпраўленне адукацыі вырашыла вынесці пытанні выхавання дзяцей і супрацьдзеяння гвалту супраць іх на шырокае абмеркаванне праз правядзенне інтэрнэт-апытання.

Бацькам прапануецца запоўніць і пакінуць на форуме дзве анкеты.

Першая з іх дапаможа высветліць стаўленне бацькоў да праблемы гвалту супраць дзяцей, фізічных наказанняў, псіхічнага і сэксуальнага гвалту, даведацца, якім чынам бацькі бароняць дзяцей, ці патрэбна ім у гэтым дапамога спецыялістаў.

Другая анкета прымушае задумацца пра ўзаемаадносіны ва ўласнай сям’і.

Ініцыятараў анкетавання цікавіць, якія традыцыі спрыяюць умацаванню Вашай сям’і, як часта вы збіраецеся разам і што робіце, з-за чаго ўзнікаюць канфлікты, і як на іх рэагуюць дзеці.

Адмысловую анкету прапануецца запоўніць педагогам.

 

За 8 дзён на форуме з’явілася ўжо 400 запоўненых анкет.

Апытанне працягнецца да канца тыдня.

 

У 2010 годзе 55 дзяцей у Гродзенскай вобласці сталі ахвярамі злачынстваў супраць жыцця і здароўя, з-за цяжкіх пашкоджанняў загінула 3 дзіцяці.

2854 дзіцяці пражываюць у неблаганадзейных сем’ях і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на ўліку ў наркалагічных кабінетах вобласці – 1576 падлеткаў, 8140 дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў знаходзяцца на псіхіятрычным уліку з-за разумовых і псіхічных адхіленняў, псіхозаў.

У мінулым годзе 8 падлеткаў скончылі жыццё самагубствам.

Супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі высветлілі, што большасць загінулых дзяцей пра свае намеры казала бацькам альбо сябрам, аднак ніхто на гэта своечасова не звярнуў увагі.